Ватыкан: бясплатная кардыялагічная кансультацыя для бедных
Аляксандр Панчанка – Pope
Ініцыятыва стала сумесным праектам Апостальскай элемазінарыі і медыцынскага персанала рымскага шпіталя св. Карла Нансійскага. Дзякуючы ёй на працягу дня бедныя маглі атрымаць бясплатную кансультацыю кардыёлага і прайсці агульны медыцынскі агляд.
Мабільная амбулаторыя была размешчана побач з каланадай плошчы св. Пятра. Акцыя стала адным з прыпынкаў вандроўнай ініцыятывы “Дарогі сэрца, падарожжа ў прафілактыку”, рымскі этап якой распачаўся 21 кастрычніка. Яна праходзіць пры падтрымцы Італьянскага фонда па барацьбе з сардэчнымі захворваннямі з мэтай пашырэння інфармаванасці аб патрэбе вядзення здаровага ладу жыцця і неабходнасці перыядычна праходзіць прафілактычныя медагляды. Падкрэсліваецца, што сардэчна-сасудзістыя захворванні адносяцца да галоўных прычын смяротнасці. Рызыка павялічваецца, калі чалавек жыве на вуліцы або трапіў у няволю залежнасцей.