Ватыкан: базыліку св. Пятра чакаюць душпастырскія рэформы
Ян Глінскі - Pope
Як паведаміў архіпрэзбітэр базылікі кардынал Маўра Гамбэці, змены будуць адбывацца паводле ўказанняў для капітула базылікі св. Пятра, зацверджаных Пантыфікам у канцы жніўня.
Па словах іерарха, разглядаюцца розныя магчымасці, пачынаючы ад змен у ватыканскай літургіі, увядзення ў яе новых моваў, формаў малітвы і адарацыі. Больш увагі будзе надавацца постаці св. Пятра.
“Мы хочам, каб людзі зразумелі сакральнасць гэтага месца, а таксама адкрыць іх на прыгажосць – перш за ўсё літургіі, і наяўных у гэтай святыні твораў мастацтва”, - адзначыў кардынал Гамбэці.
На думку Папскага вікарыя для Дзяржавы Ватыкан, трэба ўзяць пад увагу прысутнасць людзей, якія не маюць глыбокай веры, але, наведваючы базыліку, адкрываюць у сабе духоўнае вымярэнне і прагненне “кантактавання з Трансцэндэнтнасцю, нават калі яны не могуць гэтага акрэсліць словамі”.
“Яны перажываюць своеасаблівы землятрус, які ламае іх фундаменты і ўздымае на паверхню глабальныя пытанні і прагненні, нават калі яны прыбываюць сюды даволі рассеянымі, бо з розных бакоў на іх уздзейнічаюць розныя раздражняльнікі. Да гэтых людзей трэба звярнуцца альбо прынамсі паказаць ім, што прагненні, якія яны адкрываюць у сабе, могуць мець нейкі пункт апоры. Таму і мы павінны адаптаваць да іх наш спосаб камунікацыі. Не само пасланне, а спосаб перадавання таго, што мы кажам пра Езуса, каб яны маглі зразумець. У гэтым таксама можа дапамагчы мова прыгожага, твораў мастацтва, прыгажосць гэтага месца”, - сцвердзіў кардынал Гамбэці.