Кардынал: містыка – ключ для разумення тэкстаў св. Паўла VI
Аляксандр Панчанка – Pope
У гаміліі кардынал Марчэла Сэмерара адзначыў, што будучы Біскупам Альбана часта наведваў Кастэль-Гандольфа – месца, дзе ў 1978 г. адышоў у вечнасць Джавані Манціні. “Біскупскае служэнне ў Альбана дапамагло мне ўзрастаць і сталець у маёй любові да Паўла VI, за што я ўдзячны Пану”, - прызнаўся іерарх.
Спасылаючыся на евангельскае чытанне, прызначанае Касцёлам на свята Перамянення Пана, кардынал заўважыў, што гэты тэкст быў вельмі дарагі спачыламу Пантыфіку. Атрымаўшы прызначэнне на міланскую біскупскую катэдру ён нават думаў узяць у якасці дэвізу словы з Другога паслання св. Пятра: cum ipso in monte sancto - былі з Ім на святой гары (1,18), якія больш падыходзілі чалавеку сузіральнай малітвы, чым біскупу.
“Павел VI, аднак, быў чалавекам сузіральнай малітвы і я асабіста перакананы, што ключом для разумення вялікай часткі яго тэкстаў, асабліва прыватных, з’яўляецца менавіта містыка”, - сцвердзіў прэфект.
Кардынал Сэмерара заўважыў таксама, што сваю першую энкцыліку Ecclesiam suam Павел VI абнародаваў менавіта ў свята Перамянення Пана – 6 жніўня 1964 г. У гэтым дакуменце ён, між іншым, падкрэсліваў, што Касцёл на зямлі павінен браць “натхненне, прыклад і крытэрый” з дыялогу, які святыя вядуць у небе.
“Сёння мы хочам падзякаваць Пану за дар, які Ён зрабіў Касцёлу ў асобе св. Паўла VI. У той жа час мы хочам маліцца за нашага Святога Айца, папу Францішка: як шмат ягоных слоў – падумаем прынамсі пра Evangelii gaudium – мы можам чытаць у паслядоўнасці з вучэннем Паўла VI і ў якасці яго развіцця. Папросім гэтага дарагога святога таксама аб заступніцтве, каб і ў нас узрастала любоў, вернасць і адданасць Святому Касцёлу”, - заклікаў прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі.