ҽ

Арцыбіскуп Лазарус Ю Хын Сік Арцыбіскуп Лазарус Ю Хын Сік 

Ватыкан: 200-годдзе з дня нараджэння першага карэйскага святара

21 жніўня 2021 г. арцыбіскуп Лазарус Ю Хын Сік, прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства, узначаліць св. Імшу на карэйскай мове пры Алтары катэдры ў ватыканскай базыліцы св. Пятра.

Аляксандр Панчанка – Pope

Нагодай для ўрачыстай літургічнай цэлебрацыі стане 200-годдзе з дня нараджэння св. Андрэя Кіма Таэгона – першага каталіцкага святара карэйскага паходжання. У св. Імшы прымуць удзел каля трыццаці святароў і шасцідзесяці кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў. Будзе прысутнічаць таксама пасол Карэі пры Апостальскай Сталіцы.

Кім Таэгон нарадзіўся 21 жніўня 1821 г. у сям’і карэйскіх хрысціян. Пры хросце атрымаў імя Андрэй. Нягледзячы на жорсткі пераслед хрысціянскай веры ён захаваў ёй вернасць. У 1845 г. прыняў святарскае пасвячэнне ў Шанхаі і вярнуўся на радзіму. Праз год быў арыштаваны і бязлітасна забіты. У 1984 г. Ян Павел ІІ кананізаваў яго разам з іншымі 103-ма карэйскім мучанікамі, якія аддалі жыццё за веру.

Цэлебрацыя з нагоды 200-годдзя з дня нараджэння св. Андрэя Кім Таэгона стане першай публічнай св. Імшой, якую арцыбіскуп Лазарус Ю Хын Сік узначаліць у Ватыкане ў якасці прэфекта Кангрэгацыі па справах духавенства. Іерарх быў прызначаны на гэту пасаду 11 чэрвеня 2021 г. Ён прыбыў з Карэі ў Ватыкан 2 жніўня.
 

19 жніўня 2021, 12:16