Зменены парадак цэлебрацый у ватыканскай базыліцы
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Тэкст аб'явы, размешчанай на сайце Дзяржавы Ватыкан, выклікаў разнастайныя тлумачэнні ў СМІ. Новыя правілы былі ўстаноўлены з двума мэтамі: упарадкаваць расклад і годнае правядзенне набажэнстваў і па меры магчымасці адказаць на патрэбы вернікаў.
Згодна з новым парадкам, з 7 да 9 раніцы святары могуць канцэлебраваць на адной з Імшаў, якія здзяйсняюцца па раскладзе. У той жа час дапускаюцца некаторыя выключэнні як у дачыненні да месца – напрыклад, калі гаворка ідзе пра літургічны ўспамін аднаго з святых, чые рэліквіі спачываюць у базыліцы, – так і ў дачыненні да часу: у асобных выпадках можна праводзіць набажэнствы адначасова, калі гаворка ідзе пра групы пілігрымаў ці пра Імшы ў надзвычайнай форме рымскага абраду.
Кардынал Гамбэці спаслаўся перш за ўсё на канстытуцыю Другога Ватыканскага Cабора Sacrosanctum concilium, падкрэсліваючы, што літургічныя дзеянні не з'яўляюцца прыватнымі – гэта дзеянні Касцёла, які ёсць “сакрамэнтам адзінства”. Такім чынам, калі гэта магчыма, святарам пажадана канцэлебраваць на адной з Імшаў у ватыканскай базыліцы. Асобныя ж вернікі, а таксама групы запрашаюцца да ўдзелу ў адной з такіх Імшаў: такім чынам іх удзел у літургіі стане выразам братэрскага адзінства, якое адлюстроўваецца ў Эўхарыстыі.
Сярод выключэнняў называюцца, напрыклад, набажэнствы на мовах, адрозных ад лацінскай і італьянскай, а таксама розныя патрэбы паломніцкіх груп і набажэнствы іншых абрадаў. Акрамя таго, будуць па-ранейшаму прымацца заяўкі на Імшы без удзелу вернікаў, пры ўмове, што “выключэнне не стане правілам”.
Што тычыцца здзяйснення Імшы ў надзвычайнай форме рымскага абраду, "павінна быць зроблена ўсё магчымае, каб адказаць на патрэбы вернікаў і святароў, у адпаведнасці з motu proprio Summorum Pontificum, - адзначаецца ў тэксце заявы архіпрэсбітэра ватыканскай базылікі.