У Ватыкане абмяркуюць дапамогу Усходнім Касцёлам
Аляксандр Панчанка – Pope
Нарада будзе адбывацца ў Доме Bonus Pastor побач з Ватыканам. Раніцай 22 чэрвеня яе ўдзельнікі збяруцца на супольную св. Імшу ў “інтэнцыі ахвярадаўцаў, жывых і памерлых, давяраючы Пану і заступніцтву Багародзіцы пленарную сесію, а таксама краіны, што знаходзяцца ў кампетэнцыі Асамблеі і працягваюць пакутаваць ад насілля, сацыяльнай і палітычнай нестабільнасці, абцяжаранай пандэміяй”. Цэлебраваць літургію будзе кардынал Леанарда Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлам і старшыня ROACO.
Паведамляецца, што падчас першай сесіі пленарнага пасяджэння будзе разглядацца сітуацыя ў Святой Зямлі, з якой пазнаёміць арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала, Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, а. Франчэска Патан, кусташ Святой Зямлі, і бр. Пітэр Брэй, віцэ-канцлер Бэтлеемскага ўніверсітэта. У ходзе сустрэчы будзе прадстаўлена справаздача аб ахвяраваннях на карысць Святой Зямлі за 2020 г. Затым члены Асамблеі скіруюць увагу на Эфіопію, Арменію і Грузію, у тым ліку, дзякуючы прысутнасці Апостальскіх нунцыяў з гэтых краін.
23 чэрвеня гаворка пойдзе пра агульную сітуацыю на Блізкім Усходзе. Слова возьме арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, а таксама дыпламатычныя прадстаўнікі Святога Айца ў Сірыі і Іраку.
Акрамя дакладчыкаў у пленарным пасяджэнні прымуць удзел прадстаўнікі каталіцкіх дабрачынных арганізацый, якія ўваходзяць у ROACO, супрацоўнікі Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, Секцыі па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыяту і іншых ватыканскіх дыкастэрый.
Асамблея ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам была заснавана ў 1968 г. Яна аб’ядноўвае шматлікія дабрачынныя фонды, размяркоўваючы фінансавую падтрымку паміж каталіцкімі супольнасцямі ўсходняга абраду і спрыяючы такім чынам развіццю розных сфер іх дзейнасці: літургічнай, душпастырскай, адукацыйнай, сацыяльнай.