У Ватыкане пройдзе прэзентацыя паслання Папы на Дзень мігранта
Аляксандр Амяльчэня - Pope
У стрымінг-канферэнцыі прымуць удзел, між іншым, кардынал Майкл Чэрны, кіраўнік Секцыі мігрантаў і бежанцаў Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека; дапаможны біскуп Вэстмінстэрскай архідыяцэзіі Пол Маклінан; Сара Цізер, дырэктар Jesuit Refugee Service у Вялікабрытаніі.
Раней, у лютым была прадстаўлена тэма папскага паслання – Да ўсё большага “мы”. Натхненнем для яе сталі словы з апошняй энцыклікі Францішка Fratelli tutti: “Дай Бог, каб урэшце не было ўжо “іншых”, а толькі “мы” (35). І гэта ўніверсальнае “мы” павінна стаць рэальнасцю найперш у Касцёле, пакліканым да камуніі ў разнастайнасці.
Ужо вядома, што папскае пасланне будзе мець шэсць падтэм. Асаблівая ўвага ў ім будзе нададзена клопату пра планету, пра агульную чалавечую сям’ю, пра "мы", якія можам і павінны станавіцца ўсё больш і больш адкрытымі і гасціннымі.
Сусветны дзень мігранта і бежанца заснаваў у 1914 г. Пій X. Раней яго адзначалі ў Касцёле ў Другую звычайную нядзелю літургічнага года. Пачынаючы з 2019 г., згодна з рашэннем Францішка, ён адзначаецца ў другую нядзелю верасня. Дату абралі, кіруючыся душпастырскімі меркаваннямі.