Ватыканскі іерарх: адкрыць важнасць малітвы Ружанца ў сям’і
Аляксандр Панчанка – Pope
Старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі прызнаўся, што ініцыятыва паказвае наколькі важным з’яўляецца сёння зварот да ружанцовай малітвы, а таксама сведчыць пра важную ролю, якую санктуарыі могуць адыгрываць у евангелізацыі. “Гэта таксама месцы, у якіх перадаецца вера, часта праз пасярэдніцтва традыцыі народнай пабожнасці”, - дадаў іерарх у каментары для Pope.
Арцыбіскуп Фізікела распавёў, што ў Ватыкан прыходзіць шмат паведамленняў ад каталіцкіх супольнасцей і вернікаў з усяго свету, якія выказваюць Святому Айцу падзяку за ініцыятыву, што дае магчымасць штодзённа маліцца Ружанец у лучнасці з рознымі марыйнымі санктуарыямі.
“Мы высока цэнім таксама той факт, што 1 мая ружанец праводзілі сем’і. Так павінна быць. Ружанец павінен вярнуцца ў сем’і, бо гэта простая малітва, а разам з тым моцная, няспынная. У ёй выяўляецца пастава вернікаў: вочы, скіраваныя да Марыі ў няспыннай малітве... У мяне ёсць уражанне, што зараз мы перажываем паступовае адкрыццё ружанцовай малітвы нанова”, - дадаў арцыбіскуп.
Ружанец дапамагаць перадаваць марыйную пабожнасць дзецям, а ўспаміны пра супольную малітву ў сям’і і туга па ёй застаюцца ў іх на ўсё жыццё, - перакананы ватыканскі іерарх.
Старшыня Папскай рады прызнаўся, што быў уражаны паведамленнямі ад некаторых пратэстанцкіх супольнасцей, якія запэўнівалі ў тым, што таксама ўдзельнічаюць у ружанцовым “марафоне”. “Я распавёў пра гэта Папу, але ён не быў здзіўлены. Ён ведаў, што некаторыя пратэстанты, асабліва тыя, якія пражываюць на памежжы з Усходам, маюць звычай малітвы на Ружанцы”, - дадаў арцыбіскуп Рына Фізікела.