ҽ

Бэнэдыкт XVI Бэнэдыкт XVI 

Бэнэдыкт XVI даў вялікае інтэрв’ю Die Tagespost

Бэнэдыкт XVI з вялікім прызнаннем паставіўся да рашэння Францішка абвясціць Год св. Юзафа і заклікаў католікаў прачытаць Апостальскі ліст Patris corde, просты, але глыбокі ў сваім змесце тэкст.

Папа-эмерыт даў шырокае інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму штотыднёвіку Die Tagespost, якое з’явілася 1 красавіка 2021 г. 16 красавіка 2021 г. Бэнэдыкту XVI споўніцца 94 гады.

“Я з асаблівай удзячнасцю і замілаваннем прачытаў апостальскі ліст Patris Corde, які Святы Айцец выдаў з нагоды юбілею абвяшчэння св. Юзафа заступнікам Паўсюднага Касцёла. Лічу, што гэты тэкст трэба чытаць і разважаць зноў і зноў, каб такім чынам спрыяць ачышчэнню і паглыбленню нашага культу святых у цэлым, і св. Юзафа ў прыватнасці”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

“Яго маўчанне – гэта фактычна пасланне. Гэта выражае "так", якое ён узяў на сябе, аб'яднаўшыся з Марыяй і, такім чынам, з Езусам”

, - пракаментаваў ён.

Папа-эмерыт таксама падзяліўся ўспамінамі аб сямейнай традыцыі святкавання ўрачыстасці св. Юзафа ў роднай Баварыі. Яго маці звычайна эканоміла грошы, каб у гэты дзень купіць добрую кнігу і зрабіць сапраўдную каву, якую любіў яго бацька і якую яны сабе не маглі дазволіць кожны дзень. Каву пілі падчас сняданку, а на стол клалі адмысловы абрус. “У рэшце рэшт наша маці пякла пірог з глазурай – што цалкам выражала незвычайны характар свята. Такім чынам, ужо з самай раніцы адчувалася асаблівасць дня св. Юзафа”, - прызнаўся ён.

Акрамя таго, Бэнэдыкт XVI расказаў пра свае асабістыя ўражанні ад візіту ў Назарэт, родны горад яго цёзкі і заступніка, які ён наведаў у якасці Пантыфіка ў 2009 г. Ён выказаў думку, што, верагодна, св. Юзаф скончыў сваё зямное жыццё пад апекай Марыі. "Таму просьба, каб ён ласкава суправаджаў нас у нашу апошнюю гадзіну жыцця, як заступнік добрай смерці, з'яўляецца цалкам апраўданай формай пабожнасці”, - лічыць Папа-эмерыт.
 

01 красавіка 2021, 13:07