Тарніелі: каб застацца хрысціянамі, іракцам патрэбна прабачэнне
Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ заўважыў, што, калі візіт Святога Айца ў Ур Халдэйскі меў сімвалічнае значэнне для Блізкага Усходу і ўсяго свету, то пілігрымка ў Масул і Каракош набыла каштоўнасць сведчання.
Тысячы сем’яў былі вымушаны бегчы з самага хрысціянскага рэгіёна Ірака, каб ратавацца ад вар’яцкага фанатызму ісламскіх тэрарыстаў. Будынак касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, які наведаў Святы Айцец, быў перароблены імі ў трэніровачную базу, - нагадаў Тарніелі ў сваёй аўтарскай калонцы на Pope.
На яго думку, Папа прыбыў у Ірак не толькі для таго, каб умацаваць у веры мясцовых хрысціян, але таксама, каб самому ўмацавацца іх сведчаннем. “Паміж руін тэрарызму і вайны мы можам бачыць вачыма веры трыумф жыцця над смерцю”, - казаў ён, заклікаючы аднаўляць не толькі будынкі, але, у першую чаргу, сувязі паміж сем’ямі і пакаленнямі.
Вайна, тэрарызм, нянавісць пакінулі не толькі руіны і знявечаныя статуі святых, але і глыбокія раны ў душы. Таму, каб заставацца ў любові, каб заставацца хрысціянамі, патрэбна прабачэнне.
Цёплая сустрэчу з іракскімі хрысціянамі і іх суграмадзянамі, што адбылася на стадыёне ў Эрбіле, стала свайго роду пячаткай візіту, ад якога адгаворвалі Папу. “Але Біскуп Касцёла ў Рыме, які ўзнік на крыві мучанікаў, не мог расчараваць гэтых сваіх дзяцей. Таму пераадолеў усе рызыкі, каб прынесці ім сваю пяшчоту”, - адзначыў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.