Святы Пасад ініцыяваў сустрэчу аб раззбраенні ў часы пандэміі
Анлайн-сустрэчу арганізавалі Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Ватыканская камісія па надзвычайнай сітуацыі, выкліканай COVID-19 у супрацоўніцтве з Лонданскім універсітэтам.
Прадстаўнікі рэлігійных супольнасцей і навукоўцы разам паразважаюць аб магчымасцях глабальнага спынення агню, вытворчасці і распаўсюджвання ўзбраенняў. Яны хочуць прапанаваць міжнароднай супольнасці і рэлігійным лідарам канкрэтныя ідэі адносна раззбраення ў духу энкцыклікі Fratelli tutti.
Вэбінар пройдзе ў трох сесіях. Падчас першай возьмуць слова: кардынал П’етра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, і прафесар Дэн Плэш, дырэктар Цэнтра міжнародных даследаванняў і дыпламатыі Лонданскага ўніверсітэта.
Другая сесія форума будзе прысвечана міжнароднаму праву і канкрэтным метадам дасягнення раззбраення. Яе падсумуе арцыбіскуп Іван Юркавіч, Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.
Трэцяя частка вэбінару будзе прысвечана ролі экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу ў спрыянні раззбраенню. З дакладамі на гэту тэму выступяць: кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, прадстаўнікі іншых канфесій і рэлігій.
Трансляцыя вэбінару будзе праходзіць на Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.