ҽ

Кардынал Паралін сярод сутдэнтаў універсітэта Цэнтральнай Афрыкі Кардынал Паралін сярод сутдэнтаў універсітэта Цэнтральнай Афрыкі 

Кардынал Паралін: трывалы мір будуецца справамі, а не словамі

Дзейнасць Святога Пасаду “ва ўсім свеце і, у прыватнасці, на афрыканскім кантыненце”, накіравана на ўзмацненне годнасці чалавека ў кожным месцы і кожнай сітуацыі”, - запэўніў кардынал П’етра Паралін.

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, які з 28 студзеня па 3 лютага 2021 г. ажыццяўляе працоўны візіт у Камерун, наведаў каталіцкі ўніверсітэт Цэнтральнай Афрыкі ў горадзе Яўндэ, сталіцы краіны, дзе выступіў з дакладам на тэму “Прысутнасць Святога Пасаду ў Афрыцы: мост паміж ідэяй міру і рэалізацыяй справядлівасці”.

Пурпурат заўважыў, што нездарма “таго, хто кіруе паўсюдным Касцёлам, называюць Пантыфікам”, будаўніком мастоў “паміж Богам і чалавекам і, як вынік, мастоў паміж людзьмі”. Канчатковая мэта гэтых мастоў – “згода паміж народамі і нацыямі”, якую пашырае Святы Пасад, заклікаючы да павагі фундаментальных правоў чалавека.

“Недастаткова толькі крычаць пра мір, трэба яго канкрэтна будаваць дзякуючы трывалай і сур’ёзнай працы, цярплівай і настойлівай, падтрыманай безагаворачным выбарам справядлівасці”

, - сцвердзіў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

У сувязі з гэтым іерарх нагадаў пра заснаванне Паўлам VI у 1967 г. Папскай камісіі Justitia et Pax з намерам “абудзіць у Божым народзе поўнае ўсведамленне яго місіі ў дадзены момант”, і стварэнне Францішкам у 2016 г. Дыкастэрыі па інтэгральным развіцці чалавека. Ён указаў таксама на супрацоўніцтва з ААН з мэтай рэалізацыі гэтай місіі, якая зыходзіць з пераканання, што “сапраўднае развіццё немагчыма без паляпшэння жыцця кожнай чалавечай асобы”.

Па словах кардынала Параліна, дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і Афрыкай сканцэнтраваны на паляпшэнне сітуацыі на кантыненце, найперш, у пытаннях справядлівасці, трывалага міру і шчырага супрацоўніцтва.

Справядлівасць увасабляецца “ў здольнасці надаваць кожнай рэчы адпаведную каштоўнасць” і пераходзіць ад слоў да канкрэтных спраў дзякуючы салідарнасці і дзяленню.

Трывалы мір прадугледжвае яго працягласць у часе і ўкаранёнасць у грамадстве, а таксама самаахвярнасць, міласэрнасць і любоў кожнага чалавека як унёсак у агульную справу будаўніцтва спакою.

Нарэшце, шчырае супрацоўніцтва павінна нараджацца з дамоўленасцей і перамоў па сутнасці існуючых праблем, без іх скажэння пошукам уласнай карысці. Супрацоўніцтва валодае маральнай каштоўнасцю, бо “патрабуе пераадолення палітычнай канкурэнцыі на карысць супольнага дабра”, - сказаў кардынал Дзяржсакратар.

“Святы Пасад працуе з мэтай распаўсюджвання гуманізму, здольнага абараняць жыццё як найвялікшы дар, які Бог даў чалавеку”, і прыкладае намаганні, каб “будаваць свет, здольны браць на сябе канкрэтную адказнасць за абарону годнасці кожнага чалавека”, - падсумаваў кардынал П’етра Паралін.
 

02 лютага 2021, 13:14