ҽ

Пасяджэнне Рады Бяспекі ААН. Ілюстрацыйнае фота Пасяджэнне Рады Бяспекі ААН. Ілюстрацыйнае фота 

Пандэмія: ватыканскія іерархі звярнуліся да Рады Бяспекі ААН

Кіраўнікі ватыканскіх структур звярнуліся са спецыяльным пасланнем да Рады Бяспекі ААН, у якім заклікалі забяспечыць права кожнага чалавека на вакцыну падчас пандэміі.

Сумесны зварот скіравалі кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, і кардынал Луіс Антоніа Тагле, прэфект Кангрэгацыі па справах Евангелізацыі. Да іх далучыўся Генеральны сакратар Caritas Internationalis Алаізіўс Джон.

У дакуменце гаворыцца пра неабходнасць гарантавання доступу да вакцыны ўсім, асабліва насельніцтву бедных краін. У кантэксце пандэміі трэба дзейнічаць у духу салідарнасці, бо толькі так можна пераадолець крызіс, справакаваны ёй.

Іерархі звярнулі ўвагу на існаванне “вакцынавага нацыяналізму” з боку краін Поўначы, больш багатых у эканамічным плане. У сваю чаргу краіны Поўдня, дзе пражывае большасць бедных, застаюцца на ўзбочыне. Усе павінны мець доступ да вакцыны, - напісалі кардыналы і нагадалі, што Святы Пасад паклапаціўся аб вакцынацыі некаторай колькасці бедных. “Мы знаходзімся на важным этапе: ёсць магчымасць перажыць цуд міласэрнай любові і разам выратаваць глабалізаваны свет”, - гаворыцца ў пасланні.

Ватыканскія іерархі заклікалі Раду Бяспекі вырашыць пытанне з доступам да вакцыны ў якасці праблемы, якая тычыцца глабальная бяспекі; паспрыяць змяншэнню знешняга доўга бедных краін, каб яны маглі накіраваць гэтыя сродкі на развіццё медыцыны; падтрымаць вытворчасць вакцыны ў краінах Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Азіі, каб яна стала даступнай жыхарам гэтых частак свету ў бліжэйшыя месяцы; фінансава і тэхнічна дапамагчы грамадскім арганізацыям, асабліва рэлігійным, якія працуюць з мясцовымі супольнасцямі.
 

05 лютага 2021, 12:55