ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дыпламатыя Святога Пасаду пра эфекты антыкавідных мер

Эгаізм падчас барацьбы з пандэміяй можа нанесці нам яшчэ больш глыбокую рану, чым сам каронавірус – пазбавіць здольнасці і жадання жыць у братэрскай еднасці, - заўважыў арцыбіскуп Іван Юркавіч.

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе ўзяў слова падчас 6-й Сустрэчы па міжрэлігійным дыялогу, якая 24 лютага 2021 г. прайшла ў швейцарскім горадзе на тэму: “Роля веры ў часы каронавіруса”.

Дыпламат звярнуў увагу на разбуральныя наступствы пандэміі: смерць сотняў тысяч людзей і цяжкія праблемы ў сферы здароўя, крызіс у эканоміцы і адукацыі, абвастрэнне праблемы беднасці. Вымушаная ізаляцыя, абавязак нашэння масак, страта працы, адсутнасць магчымасці фізічнага кантакту з роднымі і сябрамі паўплывалі і працягваюць уплываць на псіхалагічны, эмацыйны і духоўны стан кожнага чалавека.

Арцыбіскуп нагадаў сцвярджэнне Арыстоцеля пра тое, што чалавек з’яўляецца “сацыяльнай істотай”, слушнае таксама з хрысціянскага пункту гледжання. Сёння яно набыло яшчэ больш глыбокае значэнне. “Бог прагне адзінства. Усемагутны стварыў нас, людзей, каб мы маглі ўваходзіць у глыбокія і грунтоўныя адносіны з нашым Стварыцель і адно з адным. Толькі праз гэта ўзаемнае і адкрытае дзяленне сабой мы зможам знайсці сапраўдную радасць і сапраўдны мір”, - падкрэсліў дыпламат.

Паводле прадстаўніка Апостальскай Сталіцы ў ААН, пандэмія ўмацавала напружанасць у свеце і пагрозы для еднасці паміж людзьмі, народамі, культурамі і краінамі.

“Назапашванне вакцыны, зацятае настойванне на абароне патэнтных правоў, закрыццё меж і засяроджанасць на сабе – зразумелая рэакцыя падчас паўсюднага крызісу, які перажываем, але гэтыя меры, мэта якіх у дапамозе выжыць падчас буры пандэміі, наносяць нам яшчэ больш глыбокую рану, чым сам каронавірус: яны могуць пазбавіць таго, што па-сапраўднаму робіць нас людзьмі – нашай здольнасці і жадання жыць у братэрскай еднасці”, - сказаў іерарх.

Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што вера вучыць глядзець далей за сябе і свае патрэбы, і гэты прынцып аб’ядноўвае ўсе галоўныя рэлігійныя традыцыі. Таму арцыбіскуп Юркавіч заклікаў вернікаў усіх рэлігій быць уважлівымі да бліжніх і клапаціцца пра “духоўнае здароўе, укаранёнае ў братэрстве і надзеі, што стане найбольш эфектыўным спосабам для аздараўлення навакольнага свету”.
 

26 лютага 2021, 10:40