ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі дыпламат: эканоміка павінна быць карыснай для ўсіх

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы прыняў удзел у падрыхтоўчым пасяджэнні Канферэнцыі ААН па гандлі і развіцці, якая павінна адбыцца 25-30 красавіка 2021 г. у Барбадосе.

Нарада праходзіла ў анлайн-фармаце. Арцыбіскуп Іван Юркавіч звярнуў увагу ўдзельнікаў на негатыўныя аспекты глабалізацыі, якія прадэманстравала пандэмія COVID-19 і яе наступствы, і іх устойлівы ўплыў на краіны, якія развіваюцца. Па гэтай прычыне красавіцкая Канферэнцыя павінна стаць магчымасцю для вызначэння мэт у галіне ўстойлівага развіцця ў свеце пасля пандэміі.

Ватыканскі дыпламат назваў будучую Канферэнцыю выключнай нагодай для каардынацыі намаганняў на сусветным узроўні на карысць лепшай будучыні, спрыяючы пераўтварэнню глабальнага гандлю і развіцця ва ўстойлівы шлях для ўсіх.

“Займацца бізнесам як раней для многіх людзей будзе ўжо немагчыма, таму імператывам з’яўляецца ператварэнне барбадоскай Канферэнцыі ў сімвал пачатку новага і рашучага дзесяцігоддзя развіцця”, - адзначыў арцыбіскуп.

Мэтай павінна стаць стварэнне глабальнай эканомікі, карыснай для усіх. У сувязі з пандэміяй рэалізацыя гэтага задання здаецца як ніколі складанай, але менавіта па гэтай прычыне трэба прыкласці намаганні на карысць больш канструктыўнага падыходу, які забяспечыць даступнасць росквіту усім.

Дыпламат заклікаў міжнародную супольнасць зрабіць усё магчымае, каб фінансы больш не былі крыніцай глабальнай нестабільнасці, і прыняць меры па прадухіленні наступных крызісаў. “Цяпер не час для раўнадушнасці, таму што пакутуе ўвесь свет”, - падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН.
 

14 снежня 2020, 11:21