ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: віншаванні паслядоўнікам індуізму

Папская рада па міжрэлігійным дыялогу пажадала паслядоўнікам індуізму “святла сяброўства, шчодрасці і салідарнасці”, віншуючы з нагоды свята Дзіпавалі, якое з 2020 г. адзначаецца 14 лістапада.

Ужо дваццаць пятае такога роду Пасланне, як і папярэднія, мае на мэце “імкненне прызнаць, захаваць і шанаваць тое добрае, што ёсць у абедзвюх рэлігійных традыцыях”. “Пасланні на працягу многіх гадоў узмацнялі і спрыялі індуісцка-хрысціянскаму дыялогу і гармоніі на розных узроўнях”, умацоўвалі ўзаемаадносіны паміж індуістамі і хрысціянамі як сродак сумеснай працы на карысць усяго чалавецтва, - адзначылі аўтары.

У цяперашняй цяжкай для свету сітуацыі трэба развіваць пазітыўны дух і надзею на будучыню, “нават улічваючы непераадольныя перашкоды, сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і духоўныя выклікі, распаўсюджаныя трывогу, няўпэўненасць і страх”.

“Намаганні зрабіць гэта, безумоўна, грунтуюцца на нашым перакананні, што Бог, Які стварыў нас і падтрымлівае, ніколі не пакіне нас. Заахвочванне да аптымізму можа падацца нерэальным для тых, хто страціў сваіх блізкіх, сродкі да існавання або і тое, і другое. Нават самая смелая надзея і пазітыў могуць развеяцца ў трагічных сітуацыях, выкліканых цяперашняй пандэміяй і яе сур’ёзнымі наступствамі для паўсядзённага жыцця, эканомікі, аховы здароўя, адукацыі і рэлігійных практык. Тым не менш, менавіта давер да Божага Провіду натхняе нас захоўваць аптымізм і працаваць над аднаўленнем надзеі ў нашым грамадстве”, - адзначаецца ў тэксце.

Аўтары, аднак, заўважылі, што пандэмія, нягледзячы на беспрэцэдэнтныя пакуты, фактычна ўнесла шэраг пазітыўных змен у мысленне і жыццё людзей: “перажыванне пакут і пачуццё адказнасці адзін за аднаго аб’ядналі нашы супольнасці ў салідарнасці і клопаце, у праявах дабрыні і спагады да пакутуючых і тых, хто знаходзіцца ў патрэбе”.

“Такія знакі салідарнасці прымусілі нас глыбей зразумець важнасць суіснавання, той факт, што мы належым адно аднаму і што мы патрэбны адно аднаму для дабрабыту ўсіх і нашага агульнага дома”, - адзначаецца ў Пасланні.

Аўтары заклікаюць і католікаў, і індуістаў, грунтуючыся на сваіх рэлігійных традыцыях і вучэннях, агульных каштоўнасцях і прыхільнасці да паляпшэння чалавецтва, далучыцца да ўсіх людзей добрай волі ў працы па фарміраванні “культуры пазітыву і надзеі ў сэрцы грамадства, не толькі ў гэтыя цяжкія дні, але і ў будучыні”.
 

06 лістапада 2020, 12:22