ҽ

Кардынал Курт Кох з прадстаўнікамі Сусветнага яўрэйскага кангрэса Кардынал Курт Кох з прадстаўнікамі Сусветнага яўрэйскага кангрэса 

Святы Пасад: на католіках і юдэях ляжыць агульная адказнасць

З нашай агульнай спадчынай мы нясём адказнасць за сумесную працу на карысць чалавецтва, справядлівасць і салідарнасць, згоду і мір, - звярнуўся да прадстаўнікоў яўрэйскага народа кардынал Курт Кох.

Старшыня Камісіі па рэлігійных адносінах з юдаізмам правёў 23 лістапада 2020 г. відэасустрэчу з кіраўніцтвам Сусветнага яўрэйскага кангрэса.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што “асновай яўрэйска-каталіцкага дыялогу, несумненна, з’яўляецца сяброўства, якое склалася на працягу дзесяцігоддзяў пасля прыняцця Дэкларацыі Nostra aetate. Абвяшчэнне саборнага дакумента стала пераломным момантам у інстытуцыянальным дыялогу Каталіцкага Касцёла з яўрэйскім народам.

Не знешнія, выпадковыя і выбарачныя меркаванні натхнілі католікаў на разважанні аб адносінах з нашчадкамі Абрагама, а хутчэй зварот да разважання аб таямніцы Касцёла, - звярнуў увагу кардынал Кох. Ён нагадаў, што Ян Павел II называў юдэяў “старэйшымі братамі па веры”.

Хрысціяне і юдэі “аб’яднаны багатай агульнай духоўнай спадчынай”, “хрысціянства сыходзіць каранямі ў юдаізм, які ляжыць у аснове яго ідэнтычнасці”, таму важна, што зараз мы перажываем “эпоху, якая ператварыла два тысячагоддзі варожасці ў благаслаўленне сяброўства”.

Ватыканскі кардынал заяўвіў, што рост сяброўства паміж Каталіцкім Касцёлам і яўрэйскім народам дазваляе вырашаць складаныя пытанні ў духу адкрытасці і даверу. Вынікам гэтага стала пераадоленне многіх забабонаў і ўзаемных стэрэатыпаў.

Іерарх нагадаў пра некалькі важных падзей апошніх гадоў. Знакавым стаў дакумент ватыканскай камісіі “Бо дары і пакліканне Божае нязменныя! (Рым 11, 29)” са снежня 2015 г., дзе гаворыцца, што з тэалагічнага пункту гледжання дыялог з юдаізмам носіць асаблівы характар і адбываецца на адмысловым узроўні, чым з іншымі сусветнымі рэлігіямі, і ўяўляе сабой міжрэлігійны дыялог у прамым сэнсе гэтага слова. 17 студзеня 2016 г. адбыўся візіт Францішка ў рымскую сінагогу. З 2009 г. праходзяць канферэнцыі для маладых яўрэяў і католікаў Emerging Leadership Conferences.

Як мы чытаем у Nostra Aetate, юдэі і хрысціяне маюць вялікую агульную духоўную спадчыну, якая ўскладае на іх сумесную адказнасць працаваць разам на карысць чалавецтва, адхіляючы антысемітызм і антыкаталіцкія і антыхрысціянскія настроі, усе формы дыскрымінацыі на карысць справядлівасці і салідарнасці, згоды і міру

, - заявіў кардынал Кох.

Іерарх згадаў нядаўнія тэракты ў Францыі, Германіі і Аўстрыі, апошняе сведчанне таго, што хрысціян таксама пераследуюць ва ўсім свеце. Яны патрабуюць асаблівай абароны і салідарнасці з боку лідараў усіх сусветных рэлігій. Рэлігійная свабода і правы чалавека павінны быць поўнасцю гарантаваны ўсім людзям у кожнай краіне, - падкрэсліў ён.

Старшыня Камісіі па рэлігійных адносінах з юдаізмам адзначыў, што юдэі і хрысціяне могуць выступаць разам у абарону тых, каго пераследуюць за рэлігійныя перакананні, незалежна ад таго, дзе яны жывуць і якую рэлігію вызнаюць. “Наша задача павінна складацца ў тым, каб даць выразныя і публічныя знакі салідарнасці і малітвы за нашых братоў і сясцёр, якія жывуць у гэтых складаных умовах”, - заключыў кардынал Кох.
 

27 лістапада 2020, 12:25