ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: харчаванне, маскі і бясплатныя тэсты да Дня бедных

Да IV Сусветнага дня бедных Святы Пасад прымеркаваў некалькі важных дабрачынных ініцыятыў. Пра гэта 12 лістапада 2020 г. паведамілі на спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Ватыкане.

На жаль, традыцыйны ўжо мабільны медыцынскі цэнтр на плошчы св. Пятра і абед Папы з тысячамі бедных у ватыканскім Зале Паўла VI былі адменены ў адпаведнасці з дзеючымі эпідэміялагічнымі правіламі.

Аднак каронавірус не перашкодзіў іншым важным справам на карысць тых, хто знаходзіцца ў патрэбе. У амбулаторыі пад каланадай плошчы св. Пятра бедныя, якія начуюць у інтэрнатах або хочуць вярнуцца на радзіму, могуць бясплатна зрабіць мазок на COVID-19.

Некалькі сетак супермаркетаў дапамаглі адправіць 5 тыс. харчовых пакетаў сем’ям каля шасцідзесяці рымскіх парафій, якія адчуваюць цяжкасці ў перыяд пандэміі. Вядомая ва ўсім свеце фабрыка La Molisana ахвяравала дамам сямейнага тыпу і дабрачынным аб’яднанням 2,5 тон макаронных вырабаў. Страхавая кампанія UnipolSai накіравала першы блок з 350 тыс. ахоўных масак для па меншай меры 15 тыс. вучняў школ у прыгарадах Рыма. Гэта толькі некалькі са шматлікіх ініцыятыў.

У сваім сёлетнім пасланні на Сусветны дзень бедных Пантыфік заклікаў ахвяраваць сваім часам і інтарэсамі для дапамогі самым патрабуючым, рэалізуючы душпастырскія і сацыяльныя праекты на іх карысць. Важна не займацца самалюбаваннем; ніхто не можа адчуваць сябе “ў парадку”, калі хоць адзін член чалавечай сям’і знаходзіцца на ўзбочыне грамадства, - звярнуў увагу Францішак.
 

12 лістапада 2020, 12:53