ҽ

Папа Францішак і кардынал Луіс Антоніа Тагле Папа Францішак і кардынал Луіс Антоніа Тагле 

Кардынал заклікаў уважліва вывучаць энцыкліку Fratelli tutti

Прэфект Кангрэгацыі евангелізацыі народаў адзначыў, што новая сацыяльная энцыкліка Папы Fratelli tutti вучыць любіць усіх людзей, праз канкрэтныя ўчынкі і без прадузятасці.

Кардынал Луіс Антоніа Тагле прыняў удзел у вэбінары на тэму новага дакумента Францішка, арганізаваным Caritas Internationalis.

Іерарх заўважыў, што Папа прапануе ідэі, якія ўжо выказваліся ім раней, у новай форме, спрабуючы даць адказ “на актуальную сітуацыю закрытага свету”. Ён абапіраецца на багатую біблійную традыцыю Касцёла і на яго этычнае і сацыяльнае вучэнне.

Кардынал звярнуў увагу на сумныя “знакі недахопу любові, што прычыняе шмат пакут сучаснаму свету”. Свет замыкаецца ў сабе, ад чаго пакутуюць усе, асабліва бедныя. Яны з’яўляюцца тымі, каго з лёгкасцю забываюць і спісваюць ва ўтыль. Закрыты свет будзе мець наступствы для людзей, будучыні і стварэння, - заўважыў іерарх.

Прэфект звярнуў увагу на два важныя аспекты, якія падкрэсліваюцца ў энцыкліцы. Першы – гэта паўсюдная любоў, да якой заклікае Францішак. Менавіта такую любоў мае Бог да людзей, у тым ліку да тых, каго не прымае грамадства. Другі – неабходнасць будавання культуры сустрэчы. Паўсюдная любоў можа з лёгкасцю пераўтварыцца ў банальны слоган, калі не будзе рэалізавацца ў штодзённым жыцці.

Старшыня Caritas Internationalis заклікаў да дыялогу на міжнародным узроўні, які павінен адбывацца на падставе павагі да ўласнай тоеснасці і спрыяння любові. Кардынал Тагле выказаў пажаданне, каб дзякуючы культуры сустрэчы былі знойдзены лепшыя спосабы вядзення палітычнай і эканамічнай дзейнасці, усталявання сяброўства і вырашэння канфліктаў.

13 лістапада 2020, 12:51