ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: дыпламатычная сустрэча аб сітуацыі ў Сірыі

15 кастрычніка 2020 г. Апостальскі нунцый у Сірыі кардынал Марыё Дзэнары сустрэўся з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе.

Сустрэча адбылася ў ватыканскай Зале Паўла VI. У ёй бралі ўдзел таксама кардынал П’етра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, і арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі.

Паводле кардынала Дзэнары, складаецца ўражанне, што Сірыя знікла са сферы інтарэсаў сусветных СМІ, хоць працягвае заставацца ў катастрафічнай сітуацыі. Сёння, пасля ўсіх бамбардзіровак, больш за ўсё палохае “бомба галечы”, якая ўжо паразіла 80% насельніцтва краіны. Сірыя ператварылася ў “даліну паселішчаў-прывідаў”, а многія людзі тут зусім згубілі надзею, - дадаў ватыканскі дыпламат.

Нунцый звярнуў увагу на тое, што міжнародныя санкцыі, якія былі накладзены на Сірыю, моцна ўдараюць па ўсяму насельніцтву, асабліва па пажылых людзях і дзецях: многія з іх загінулі ад зімніх маразоў. Моладзь, якая не згубіла жыццё ад зброі, выязджае з краіны, а бежанцы не могуць вярнуцца. Невядомым застаецца лёс многіх палонных, - з жалем зазначыў ён.

Кардынал выказаў надзею на тое, што міжнародная супольнасць знойдзе радыкальнае рашэнне для праблем Сірыі, чэрпаючы натхненне з энцыклікі Святога Айца Францішка “Fratelli tutti”, у якой, між іншым, гаворыцца, што сёння “мы збавімся або ўсе разам, або не збавіцца ніхто”.

Сустрэча завяршылася зваротам кардынала П’етра Параліна да дыпламатаў, у якім ён яшчэ раз падкрэсліў неабходнасць пошуку рашэнняў сітуацыі і заклікаў не пакідаць Сірыю пад покрывам маўчання і абыякавасці.
 

17 кастрычніка 2020, 12:54