ҽ

Кардынал П'етра Паралін падчас прэзентацыі Fratelli tutti Кардынал П'етра Паралін падчас прэзентацыі Fratelli tutti 

Паралін пра Fratelli tutti: братэрства ў міжнародных адносінах

Выступаючы падчас прэзентацыі энцыклікі Fratelli tutti, якая адбылася 4 кастрычніка 2020 г. у Ватыкане, Дзяржсакратар Яго Святасці разгледзеў паняцце братэрства ў перспектыве міжнародных адносін.

Кардынал П’етра Паралін звярнуў увагу на неабходнасць выхавання культуры братэрства, метадам якой з’яўляецца дыялог, а мэтай – удасканаленне сусветнай арганізацыі. Ён адзначыў, што ў новым папскім дакуменце паняцце братэрства не зводзіцца да простага інструмента або жадання, але дзейнічае як культура, “якая павінна прымяняцца і да міжнародных адносін”.

Энцыкліка паказвае на важнасць інтэграцыі паміж краінамі, перавагу правілаў над сілай, развіццё і эканамічнае супрацоўніцтва і, перш за ўсё, выкарыстанне дыялогу, які разглядаецца як “магутная зброя”, што разбурае бар’еры сэрца і розуму, адкрывае прастору для прабачэння і спрыяе прымірэнню. Адсутнасць дыялогу вядзе да заняпаду міжнародных адносін і развівае канфрантацыю.

Тлумачачы мэту культуры братэрства, кардынал Дзяржсакратар сказаў, што аўтар энцыклікі апісаў яе як “узыходзячы шлях, пазначаны здаровай субсідыярнасцю, якая ахоплівае сямейнае, грамадскае і дзяржаўнае вымярэнні на карысць міжнароднай супольнасці”. Менавіта таму Папа падкрэслівае, што для таго, каб зрабіць братэрства інструментам міжнародных адносін, “неабходна не толькі развіваць духоўнасць братэрства, але і клапаціцца пра больш эфектыўную сусветную арганізацыю, якая дапаможа вырашыць надзённыя праблемы”.

Братэрства можа дапамагчы аднавіць прынцыпы, якія рэгулююць міжнароднае жыццё, і заахвоціць адказных суб’ектаў на сусветным узроўні рэагаваць на патрэбы чалавецтва, асабліва ў такіх сітуацыях, як вайна, голад, адставанне ў развіцці і дэградацыя навакольнага асяроддзя.

Дзяржсакратар адзначыў, што ў сучасным міжнародным сцэнарыі існуе адкрытая супярэчнасць паміж агульным дабром і тэндэнцыяй да перавагі інтарэсаў дзяржаў. Гэта прамая супрацьлегласць братэрству, якое “ўводзіць ідэю агульных інтарэсаў, здольную пацвердзіць сапраўдную салідарнасць і пераўтварыць не толькі структуру міжнароднай супольнасці, але і дынаміку адносін у ёй”.

Прызнанне вяршэнства гэтых агульных інтарэсаў прыводзіць да таго, што суверэнітэт і незалежнасць кожнай дзяржавы перастаюць быць абсалютнымі і падпарадкоўвацца суверэнітэту закона, прызнаючы, што справядлівасць з’яўляецца неабходным патрабаваннем для рэалізацыі ідэалу агульнага братэрства. 

Такім чынам, братэрства становіцца спосабам прыярытэту абавязацельстваў паводле старажытнага прынцыпу pacta sunt servanda (ад лац. дамовы павінны выконвацца), вырашэння спрэчак шляхам дыпламатыі, перамоў і шматбаковых інстытутаў.

Як падкрэсліў Дзяржсакратар, прыняцце культуры братэрства ў міжнародных адносінах таксама азначае супрацьстаянне тэндэнцыі адмовы ад шматбаковасці, якая сёння неабходная як ніколі, улічваючы “раздробленасць ідэй і рашэнняў”, што характарызуе сучаснае грамадства. Адмова ад шматбаковасці грунтуецца на чыста прагматычным падыходзе і ігнаруе не толькі прынцыпы і правілы, але і “крыкі аб дапамозе”, якія гучаць усё часцей.

Перамовы патрэбныя, аднак фактычныя працэсы трывалага міру – гэта, перш за ўсё, пераўтварэнні, якія праводзяцца народамі, дзе кожны чалавек можа быць эфектыўнай закваскай у сваім паўсядзённым жыцці.

Іерарх падкрэсліў, што сукупнасць індывідуальных інтарэсаў не зменіць свет да лепшага. Кіраўнікі дзяржаў, дыпламаты і тыя, хто працуе на карысць міру і развіцця павінны разумець, што братэрства ператварае міжнароднае жыццё з простага і вымушанага суіснавання ў вымярэнне, заснаванае на агульным разуменні гуманізму.

У гэтым вымярэнні прыярытэтам з’яўляюцца патрабаванні людзей, а інстытуцыйны апарат павінен не абслугоўваць канкрэтныя інтарэсы, а гарантаваць агульнае дабро для ўсіх.

У заключэнне Дзяржсакратар адзначыў, што праз культуру братэрства Францішак заклікае ўсіх любіць іншы народ як свой.
 

06 кастрычніка 2020, 10:41