ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пандэмія: неабходнасць новай казармы для Швейцарскай гвардыі

Працы над праектам новай казармы Папскай швейцарскай гвардыі працягваюцца, нягледзячы на эпідэміялагічны крызіс. Ужо сабрана амаль чвэрць яго бюджэту.

Фонд, спецыяльна заснаваны для рэканструкцыі, прадставіў праект Пантыфіку, а затым перадаў яго кардыналу Дзяржсакратару П’етра Параліну, паведаміў яго старшыня Жан-П’ер Рот. Цяпер пачынаецца працэс унутраных кансультацый. Акрамя выканання ганаровай службы ў гістарычнай форме, Швейцарская гвардыя нясе адказнасць і за асабістую ахову Папы.

Новы будынак казармы неабходны, паколькі цяперашні мае дэфекты і больш не адпавядае сучасным стандартам. Размяшчэнне салдат у двух-, а часам і трохасабовых пакоях аказалася праблематычным, асабліва падчас пандэміі. За апошнія тыдні ў некалькіх гвардзейцаў быў выяўлены каронавірус.

На дадзены момант, паводле Рота, ужо ёсць каля 12 млн еўра. Агульныя выдаткі ацэньваюцца ў амаль 52 млн еўра. Збор сродкаў, які пачаўся год таму, ускладніўся цяперашнім крызісам. Па словах Старшыні фонду, падтрымка праекта ў Швейцарыі застаецца “вельмі моцнай”. Ён чакае далейшых значных ахвяраванняў у бліжэйшыя месяцы. Праекты, звязаныя з нерухомасцю на ватыканскай зямлі, традыцыйна фінансуюцца за кошт знешніх крыніц.

Ужо прызначана дата інаўгурацыя новай казармы. Яна павінна прайсці 6 мая 2027 г . – у 500-ю гадавіну разграблення Рыма нямецкімі наймітамі, калі швейцарскія гвардзейцы загінулі ў абароне Пантыфіка. Будаўніцтва пачнецца пасля двухгадовага рамонту казармы Ватыканскай жандармерыі.
 

31 кастрычніка 2020, 12:26