ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Новыя заражэнні ў Ватыкане: нунцый і швейцарскія гвардзейцы

Расце колькасць заражаных каронавірусам сярод складу Папскай швейцарскай гвардыі. Былі пратэставаны ўсе гвардзейцы, у 13 вынік – станоўчы, - паведаміла камандаванне.

Адзначаецца, што сімптомы захворвання ёсць не ва ўсіх, ні адзін чалавек не патрабуе шпіталізацыі. У заяве камендатуры гаворыцца, што іх здароўе кантралюецца ў супрацоўніцтве з ватыканскім Упраўленнем аховы здароўя і гігіены.

Швейцарская гвардыя, акрамя выканання ганаровай службы ў гістарычнай форме, нясе адказнасць і за асабістую ахову Папы. Невядома, ці заражаны нехта з афіцэраў, якія непасрэдна служаць Святому Айцу.

Першыя выпадкі заражэння COVID-19 сярод гвардзейцаў былі зафіксаваны 12 кастрычніка 2020 г. На мінулым тыдні з гэтай прычыны быў зменены план службы. Дакладна невядома, хто мог стаць крыніцай заражэння. Нагадаем, што 4 кастрычніка адбылася прысяга навабранцаў. На цырымоніі прысутнічалі і запрошаныя госці, самыя блізкія члены сем’яў.

Прыйшла навіна і з Аўстраліі. Апостальскі нунцый у краіне, арцыбіскуп Адольфа Ціта Ілана атрымаў станоўчы тэст на наяўнасць каронавіруса. Абследаванне ён прайшоў пасля вяртання з Італіі і Ватыкана, дзе нядаўна асабіста сустрэўся з Папам: 6 кастрычніка Францішак правёў з іерархам даволі працяглую прыватную размову.

Пасля вяртання ў Аўстралію 9 кастрычніка 72-гадовы Ілана прайшоў добраахвотны 10-дзённы каранцін у сваёй рэзідэнцыі ў Канберы, у канцы якога прайшоў тэст на COVID-19, яго вынік аказаўся станоўчым. З прычыны ізаляцыі нунцыя пасля яго вяртання з Еўропы трэба меркаваць, што ён заразіўся падчас знаходжання ў Італіі або падчас падарожжа. Святы Пасад ніяк не каментуе інфармацыю пра рызыку, звязаную з сустрэчай арцыбіскупа са Святым Айцом.
 

26 кастрычніка 2020, 13:26