ҽ

Кардынал Луіс Антоніа Тагле Кардынал Луіс Антоніа Тагле 

Кардынал-прэфект: мы не ўласнікі, а ахоўнікі Зямлі

Часта мы адносімся да прыроды, як яе ўласнікі, забываючы, што пакліканы ахоўваць яе, - падкрэсліў прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў у відэапасланні з нагоды ініцыятывы “Час стварэння”.

Кардынал Луіс Антоніа Тагле нагадаў, што ў кастрычніку Касцёл перажывае асаблівы перыяд, калі ў малітве дзякуе Богу за дар стварэння. Гэты час з’яўляецца таксама заклікам да вернікаў, каб нанова адкрылі сваё пакліканне абаронцаў навакольнага асяроддзя.

Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што ініцыятыва “Час стварэння” адрасавана не толькі хрысціянам, але ўсяму чалавецтву. Яна ўтрымлівае ў сабе “яскравае сацыяльнае і экалагічнае пасланне”, бо выразна кажа, што нашы адносіны да стварэння сведчаць пра наша ўспрыманне жыцця і кожнага чалавека. У сувязі з гэтым, прэфект заклікаў да ўмацавання еднасці паміж людзьмі і да клопату пра найбольш патрабуючых.

Экуменічная ініцыятыва “Час стварэння” трывае з 1 верасня 2020 г. У гэты дзень хрысціяне розных канфесій адзначалі Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння. Адмысловы малітоўны перыяд працягнецца да 4 кастрычніка, да літургічнага ўспаміну св. Францішка Асізскага. Ініцыятыва з’яўляецца перыядам абнаўлення веры ў Бога Стварыцеля і яднання ў малітве і ўчынках, накіраваных на ахову Зямлі.
 

02 кастрычніка 2020, 12:23