ҽ

Лагатып ААН. Ілюстрацыйнае фота Лагатып ААН. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН: спрыяць рэалізацыі права на развіццё

Неабходны глабальны падыход для гарантавання права на развіццё народаў, падкрэсліў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч пракаментаваў спецыяльны Даклад аб праве на развіццё, агучаны ў рамках 45-сесіі Рады па правах чалавека. Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі заклікаў да салідарнасці з самымі неабароненымі народамі і катэгорыямі насельніцтва падчас барацьбы з пандэміяй і яе наступствамі для грамадства і эканомікі.

Іерарх выказаў занепакоенасць у сувязі з тэндэнцыяй прыватызацыі сферы сацыяльных паслуг, што, на думку Святога Пасаду, можа зрабіць іх выключна крыніцай атрымання прыбытку. Фундаментальна важнымі з’яўляюцца меры, накіраваныя на недапушчэнне злоўжыванняў у гэтых пытаннях.

Святы Пасад падтрымлівае накіраванне падатковай палітыкі на фінансаванне развіцця, а таксама злучэнне права на развіццё з імкненнем да роўнасці. Падатковае права і манетарная палітыка – гэта магутныя інструменты для справядлівага размеркавання багаццяў і фінансавання развіцця.

Спасылаючыся на агучаны Даклад, прадстаўнік Апостальскай Сталіцы заўважыў, што дзяржавы нясуць галоўную адказнасць за стварэнне нацыянальных і міжнародных умоў, спрыяльных рэалізацыі права на развіццё.

“Глабальны падыход – фундаментальны, таму што важна ўключаць найбольш уразлівыя супольнасці і народы ў працэс фармулявання рашэнняў адносна іх саміх і фінансавання развіцця. Ён павінен быць у цэнтры інтэгральнага чалавечага развіцця для поўнай рэалізацыі чалавечай годнасці”, - дадаў дыпламат.

“Надышоў час аб’яднаць усю чалавечую сям’ю ў імкненні да супрацоўніцтва ў пытаннях інтэгральнага развіцця як адзінай альтэрнатыве эгаізму прыватных інтарэсаў і спакусе вяртання ў мінулае, якія сур’ёзна пагражаюць мірнаму суіснаванню і развіццю будучых пакаленняў”, - сказаў на заканчэнне прамовы арцыбіскуп Іван Юркавіч.
 

17 верасня 2020, 10:33