ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: дапамагчы братам у Святой Зямлі

У нядзелю 13 верасня 2020 г. у касцёлах усяго свету будуць збірацца ахвяраванні на карысць хрысціянскіх супольнасцей у Святой Зямлі.

Ініцыятыва, якая, пачынаючы з 1974 г., традыцыйна праводзілася ў Вялікую пятніцу, у гэтым годзе была перанесена на больш позні час па прычыне пандэміі каронавіруса.

Кардынал Леанарда Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, выказаў пажаданне, каб “збор сродкаў для Святой Зямлі ў гэты час пандэміі стаў сапраўднай пілігрымкай шчодрасці, якая б перажывалася ў разважаннях і малітве, каб прасіць Пана аб літасці да нас у гэты настолькі балючы момант і каб падзякаваць Яму за палёгку, якую дае нам праз урачоў, медсясцёр і медыцынскіх работнікаў у многіх краінах свету”.

“Нашым сціплым ахвяраваннем мы хочам дапамагчы братам у Святой Зямлі”

, - сказаў пурпурат.

Ён назваў вельмі змястоўнай ідэю перанесці збор ахвяраванняў на нядзелю, бліжэйшую да свят Узвышэння Крыжа (14 верасня) і Маці Божай Балеснай (15 верасня), бо Крыж Езуса і Мука Вялікай Пятніцы нагадваюць пра пакуты хрысціянскіх супольнасцей у Святой Зямлі і на Блізкім Усходзе.

“Сёння найвялікшую занепакоенасць выклікае выжыванне хрысціян у гэтым рэгіёне. З прычыны войнаў, напружання, тэрарызму і пераследу, пра які ўсе мы ведаем, а цяпер яшчэ і па прычыне пандэміі, многія з іх уцякаюць. Таму справядліва задацца пытаннем, ці захаваецца хрысціянская вера ў рэгіёне, дзе хадзіў і дзейнічаў сам Езус”, - заўважыў прэфект Кангрэгацыі.

“Усе мы шукаем міру, справядлівасці і салідарнасці, таму няхай збор ахвяраванняў 13 верасня ператворыцца ў пілігрымку салідарнасці, сяброўства і братэрства паміж усімі людзьмі”

, - пажадаў кардынал Сандры.

Іерарх падкрэсліў, што ўсе мы з’яўляемся братамі: “гэта праўда, якая вынікае з Евангелля і якая можа стаць рэчаіснасцю падчас гэтага збору сродкаў для Святой Зямлі”. Ён заклікаў да ўдзелу ў гэтай ініцыятыве не толькі хрысціян, але таксама мусульман і прадстаўнікоў іншых рэлігій, якія жывуць у Святой Зямлі.

12 верасня 2020, 10:47