“Fratelli tutti” – энцыкліка, якая будзе адрасавана ўсім
Андрэа Тарніелі звярнуў увагу на дыскусіі, якія ўзніклі ў некаторых краінах адносна перакладу назвы будучага папскага дакумента. Пытанні выклікала слова “fratelli” (браты). Хоць яно і мужчынскага роду, тут маюцца на ўвазе і мужчыны, і жанчыны.
Журналіст нагадаў, што энцыкліка будзе прысвечана братэрству і сацыяльнаму сяброўству, а пры яе перакладзе на розныя мовы захаваецца арыгінальная назва. Пантыфік запазычыў яе з “Напамінаў” (Ammonizioni) св. Францішка Асізскага, постаць якога стала натхненнем для ўсяго дакумента. Паколькі гаворка ідзе пра цытату, відавочна, што Папа не стаў яе змяняць, але было б абсурдна меркаваць, што ён выключыў з ліку адрасатаў энцыклікі больш за палову насельніцтва планеты – жанчын, - патлумачыў Тарніелі.
У наш час, пазначаны войнамі, беднасцю, міграцыяй, кліматычнымі зменамі, эканамічным крызісам, пандэміяй, прызнаваць адно аднаго братамі, а для хрысціян распазнаваць аблічча Езуса ў тых, хто пакутуе, значыць сцвярджаць годнасць кожнага чалавека, створанага на вобраз Божы. Гэта таксама магчымасць нагадаць, што мы ніколі не зможам перамагчы цяжкасці ў адзіночку ці ў супрацьстаянні адно аднаму: Поўнач супраць Поўдня, багатыя супраць бедных, - падкрэсліў Тарніелі.
Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ нагадаў словы, прамоўленыя Пантыфікам 27 сакавіка 2020 г. падчас спецыяльнай малітвы аб заканчэнні пандэміі, пра агульную прыналежнасць усіх людзей. Менавіта яна ляжыць у аснове новай энцыклікі Святога Айца.
Братэрства і сацыяльнае сяброўства – тэмы, пазначаныя ў падзагалоўку да новага папскага дакумента, указваюць, што любоў, якая ўзнікае паміж людзьмі, не звязанымі кроўнымі сувязямі, выражаецца праз добразычлівыя ўчынкі, дапамогу і велікадушнасць у час патрэбы, - заўважыў Андрэа Тарніелі ў аўтарскай калонцы на Pope.