ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі дыпламат у ААН пра трагедыю ўнутраных мігрантаў

Святы Пасад лічыць тэрмінова неабходным шчырае супрацоўніцтва ўсёй міжнароднай супольнасці ў вырашэнні праблемы ўнутраных мігрантаў, - падкрэсліў 9 ліпеня 2020 г. арцыбіскуп Іван Юркавіч.

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе прыняў удзел у абмеркаванні даклада адносна сітуацыі ўнутраных мігрантаў, асаблівым чынам прысвечанага асобам з інваліднасцю, якая прайшла ў рамках 44-й сесіі Рады па правах чалавека.

Ватыканскі дыпламат заявіў, што вырашэнне праблемы патрабуе выразных прававых рамак і адказнасці дзяржаў, якія будуць гарантаваць эфектыўную абарону, прыняцце доўгатрывалых рашэнняў і паспрыяюць ратаванню чалавечых жыццяў.

Як мігранты і бежанцы, таксама і людзі, што вымушаны пакідаць родную зямлю, але застаюцца ў краіне свайго паходжання, з’яўляюцца ахвярамі “глабалізацыі абыякавасці”, шматразова асуджанай Францішкам. Сёння яны з’яўляюцца галоўнымі дзеючымі асобамі “нябачнай трагедыі”, якую абцяжарыла пандэмія каронавірусам, пра што гаворыцца ў пасланні Папы на 106-ы Сусветны дзень мігранта і бежанца, - нагадаў арцыбіскуп Юркавіч.

“Унутраныя мігранты – гэта не проста лічбы ці статыстыка; гэта людзі, са сваімі гісторыямі, пакутамі і памкненнямі”. У яшчэ больш складанай сітуацыі знаходзяцца людзі з інваліднасцю. Яны сустракаюцца з яшчэ большымі цяжкасцямі ў сферы атрымання інфармацыі і гуманітарнай дапамогі, што павялічвае няроўнасць і стварае пагрозу іх жыццю, - дадаў дыпламат.

Па гэтым прычынам Апостальская Сталіца лічыць, што пры аказанні дапамогі ўнутраным мігрантам, фундаментальна важна браць пад асаблівую ўвагу праблемы няпоўнаспраўных, гарантаваць іх бяспеку і стымуляваць іх поўны ўдзел у жыцці грамадстваў, якія іх прымаюць.

Арцыбіскуп Юркавіч заўважыў, што такія рэкамендацыі ўтрымліваюцца таксама ў спецыяльным “Дапаможніку па душпастырстве ўнутраных мігрантаў”, які быў падрыхтаваны ватыканскай Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і прадстаўлены ў Ватыкане 5 мая 2020 г.

Неабходна больш дзеянняў з боку дзяржаў, больш каардынацыйных механізмаў і больш выразныя распараджэнні, якія будуць грунтавацца на прынцыпе, згодна з якім усе людзі, “незалежна ад іх міграцыйнага статуса, павінны мець магчымасць знаходзіцца на сваёй зямлі ў міры і бяспецы”, - падкрэсліў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.
 

10 ліпеня 2020, 06:59