ҽ

1577270393881.jpg

Прысяга новых папскіх гвардзейцаў перанесена на восень

38 новых рэкрутаў Папскай швейцарскай гвардыі дадуць прысягу 4 кастрычніка 2020 г. Новую дату цырымоніі, якая першапачаткова павінна была прайсці 6 мая, пацвердзілі ў Ватыкане.

Такое рашэнне выклікана пандэміяй каронавіруса. Мерапрыемства будзе праходзіць за зачыненымі дзвярыма і ў адсутнасці запрошаных гасцей з ліку родных і блізкіх гвардзейцаў. Тым не менш, прамая тэле- і анлайн трансляцыя “гэтай унікальнай падзеі” будзе забяспечана, сцвярджаецца ў прэс-рэлізе камандавання Папскай швейцарскай гвардыі.

У закрытым фармаце 6 мая адбылася і традыцыйная цырымонія ўскладання вянкоў на плошчы перад Казармамі швейцарскай гвардыі ў Ватыкане. Св. Імша ў памяць аб гвардзейцах, якія загінулі, абараняючы папу Клімента VII ад войск імператара Карла V падчас аблогі Рыма 6 мая 1527 г., прайшла ў касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі на Тэўтонскіх могілках у Рыме і трансліравалася анлайн на сайце Папскай швейцарскай гвардыі.

У дзень прынясення прысягі, 4 кастрычніка 2020 г., ранішняя св. Імша з удзелам новых рэкрутаў пройдзе не ў касцёле св. Марціна і св. Себасцьяна, як звычайна, а ў базыліцы св. Пятра, памеры якой дазволяць захаваць неабходную дыстанцыю паміж прысутнымі. У 17.00 распачнецца сама цырымонія прысягі, якая ў выпадку дрэннага надвор’я будзе перанесена ў Залу Паўла VI.

На сённяшні дзень Папскую швейцарскую гвардыю складаюць 135 маладых алебарднікаў і афіцэраў. Кандыдатамі ў новыя рэкруты становяцца выключна нежанатыя католікі ва ўзросце ад 19 да 30 гадоў са швейцарскім грамадзянствам і бездакорнай рэпутацыяй.

12 чэрвеня 2020, 13:14