ҽ

000280_13032019.jpg

Bambino Gesù: унікальная аперацыя хлопчыку з каронавірусам

У ватыканскай дзіцячай бальніцы шасцігадоваму хлопчыку, які пакутуе ад вострай лімфабластычнай лейкеміі і заразіўся каронавірусам, паспяхова зрабілі перасадку касцявога мозгу.

Шлях да аперацыі быў нялёгкім: хлопчык прыехаў са сваімі бацькамі з Лондана ў мінулым годзе, прайшоў курс хімія-і імунатэрапіі, каб перасадка магла даць максімальны вынік. Праз некалькі месяцаў стан дзіцяці дасягнуў патрэбных параметраў для аперацыі. Аднак у сакавіку аказалася, што ўся сям’я – бацькі і дзіця – заражаныя каронавірусам.

Хлопчыка змясцілі ў спецыяльнае аддзяленне Bambino Gesù – яно знаходзіцца ў прыгарадзе Рыма. Пакуль тэст быў пазітыўным, перасадку праводзіць было нельга. Часу амаль не заставалася, і ўрачы асцерагаліся рэцыдыву пухліны. Таму было прынята рашэнне зрабіць пераліванне гіперімуннай плазмы ад вылечанага з каронавіруснай інфекцыі. Для гэтага спатрэбіўся дазвол Камітэта па этыцы дзіцячай бальніцы на прымяненне гэтай незарэгістраванай і эксперыментальнай працэдуры, які даў яго.

Новыя тэсты аказаліся негатыўнымі, і хлопчыку была зроблена перасадка ствалавых крывятворных клетак бацькі – які таксама перамог каронавірус. Пацыент адчувае сябе добра. Ён перанёс лячэнне і аперацыю без ускладненняў і зараз мае патрэбу толькі ў звычайным кантролі пасля перасадкі.

Трэба адзначыць, што па колькасці такіх перасадак дзіцячая бальніца Святога Пасаду знаходзіцца на адным з першых месцаў у свеце.

12 чэрвеня 2020, 13:44