ҽ

Ян Павел ІІ падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў Асізі Ян Павел ІІ падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў Асізі

Сведчанне Яна Паўла ІІ сёння больш актуальнае, чым калі-небудзь

Пра актуальнасць сведчання міру, дыялогу і адкрытасці св. Яна Паўла нагадаў у сваёй аўтарскай калонцы на партале Pope галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ Андрэа Тарніелі.

27 жніўня 1986 г., у драматычны перыяд сучаснай гісторыі, калі ўзнікла рэальная небяспека ядзернай вайны, св. Ян Павел ІІ, нягледзячы на крытыку з боку іншых, у тым ліку ўнутры Касцёла, склікаў у Асізі мірны форум прадстаўнікоў рэлігій свету.

“Супольная сустрэча шматлікіх рэлігійных прапаведнікаў з мэтай малітвы, - казаў ён, - сама па сабе з’яўляецца сёння заклікам да свету, усвядоміць існаванне іншага вымярэння міру і іншага спосабу яго пошуку, які не з’яўляецца вынікаў перамоў, палітычных кампрамісаў ці эканамічнага гандлю. Але плёнам малітвы, якая, у разнастайнасці рэлігій, выражае адносіны з вышэйшай сілай, якая перавышае нашы чалавечыя магчымасці”.

“Мы сабраліся тут, бо верым у тое, што патрэбна настойлівая і пакорная малітва, малітва поўная даверу, калі жадаем, каб свет, нарэшце, стаў месцам сапраўднага і трывалага міру”

, - падкрэсліў тады Папа.

За час свайго доўгага пантыфікату Ян Павел ІІ увёў Касцёл у трэцяе тысячагоддзе, убачыў падзенне муру, што раздзяляў Еўропу, спадзяваўся ўбачыць узыход новай эры міру, але быў вымушаны сутыкнуцца – ужо будучы пажылым і хворым – з новымі войнамі і тэрарызмам, дэстабілізуючым і бязлітасным, які выкарыстоўвае Божае імя, каб сеяць смерць і знішчэнне.

Яго адказам на гэта ў студзені 2002 г. стала паўторнае запрашэнне прадстаўнікоў рэлігій на сустрэчу ў Асізі. Ён ніколі не скарыўся перад ідэалогіяй канфлікту паміж цывілізацыямі, заўсёды і ва ўсім спадзяваўся на сустрэчу паміж народамі, культурамі і рэлігіямі.

Тарніелі нагадаў, што Ян Павел ІІ даў сведчанне веры, моцнай як камень, аскетызму, уласцівага вялікім містыкам, бязмежнай чалавечнасці. Ён прамаўляў да ўсіх, рабіў усё магчымае для прадухілення канфліктаў, спрыяў перамовам на карысць падтрымання міру і справядлівасці.

Папа аб’ездзіў усю планету, каб “абняць” народы свету, абвяшчаючы Евангелле. Змагаўся за годнасць кожнага чалавечага жыцця. Здзейсніў гістарычны візіт у рымскую сінагогу. Стаў першым у гісторыі Пантыфікам, нага якога ступіла на парог мячэці. Ён вёў Касцёл па шляху, акрэсленым Другім Ватыканскім Саборам. Умеў выходзіць на новыя і невядомыя дарогі, сведчыў гатоўнасць абмяркоўваць спосаб ажыццяўлення папскага служэння, каб паспрыяць адзінству паміж хрысціянамі. Яго сведчанне сёння актуальнае, як ніколі, - падкрэсліў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ ў 100-годдзе з дня нараджэння св. Яна Паўла ІІ.
 

19 мая 2020, 14:19