ҽ

synodal-meeting-at-the-vatican-1538583512527.jpg

Маладыя кансультанты дапамогуць ватыканскай дыкастэрыі

Міжнародная моладзевая каманда, створаная пры Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, пачала сваю дзейнасць. Яе стварэнне стала адным з пастулатаў Сінода Біскупаў у 2018 г.

Прызначэнне групы 20 маладых людзей з усяго свету на трохгадовы тэрмін – гэта першая ініцыятыва такога кшталту ў Ватыкане. Яе першая задача – з пункту гледжання свайго пакалення і асяроддзя прапанаваць Касцёлу спосабы камунікацыі з сучаснай моладдзю на тэму веры і самых важных пытанняў і праблем. Падставай для разважанняў служыць перш за ўсё папская адгартацыя “Christus vivit”, у якой Францішак вызначае кірункі і праблемы моладзевага душпастырства.

Кансультанты атрымалі намінацыі ва ўрачыстасць Хрыста Валадара, 24 лістапада 2019 г. Аднак першая іх сустрэча, перанесеная з прычыны пандэміі каронавіруса, адбылася толькі 16 мая праз інтэрнэт. У цяперашні час маладыя людзі працуюць самастойна ў адпаведнасці з распрацаваным планам і падзелам на групы. У бліжэйшы час яны прадставяць свае высновы і прапановы Дыкастэрыі, каб сумесна запланаваць далейшую дзейнасць.

Намер групы – прывесці свае ідэі ў адпаведнасць з патрэбамі маладога пакалення, а не рэалізаваць праекты, загадзя прапанаваныя ўстановай Святога Пасаду.

“Тры думкі прыходзяць мне ў галаву пасля нашай першай сустрэчы: подых Святога Духа не перастаў працаваць пасля Сінода на тэму моладзі два гады таму. У нас, маладых людзей, ёсць моцная матывацыя быць сведкамі Касцёла для нашых равеснікаў па ўсім свеце. Мы бачым рэалізацыю гэтай місіі як вялікую прыхільнасць і вялікую адказнасць, і мы ахвотна бяром яе на сябе”, - прызнаўся Эміль Абу-Чаар, малады ліванец, які ўваходзіць у склад групы.

Кардынал Кэвін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, які сустрэўся з маладымі людзьмі на першым анлайн-пасяджэнні, падкрэсліў, што іх пакліканне – гэта больш, чым інстытуцыйнае рашэнне.

У склад групы кансультантаў увайшлі маладыя людзі, якія прадстаўляюць кожны кантынент, а таксама некалькі міжнародных рухаў і супольнасцей, статуты якіх зацверджаны Святым Пасадам. Яны грамадзяне Гвінеі, Уганды, Паўднёвай Афрыкі, Канады, ЗША, Сальвадора, Пуэрта-Рыка, Чылі, Лівана, Інданезіі, Японіі, Аўстраліі, Славеніі, Нідэрландаў. Моладзь, якая прадстаўляе супольнасці і рухі, паходзіць з: Італіі – Міжнародная федэрацыя Каталіцкай Акцыі, Францыі – Супольнасць Тэзэ, Аўстрыі – Салезіянская моладзь, Бразіліі – Fazenda da Esperança, Партугаліі – Équipes Notre-Dame.

Стварэнне групы моладзевых кансультантаў у Дыкастэрыі з’яўляецца адказам на заклік, які змяшчаецца ў Выніковым дакуменце Сінода Біскупаў на тэму моладзі.

30 мая 2020, 11:52