ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

“Caritas Internationalis” збірае сродкі на барацьбу з пандэміяй

“Caritas Internationalis” абвясціла аб стварэнні спецыяльнага дабрачыннага фонда, сродкі з якога будуць прызначаны на дапамогу пацярпелым ад каронавіруса.

У спецыяльным паведамленні ад 16 красавіка 2020 г. адзначаецца, што папская дабрачынная структура ўвайшла ў склад Камісіі па надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй каронавіруса, заснаванай пры Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

“Caritas Internationalis” правяла анкетаванне 140 епіскапатаў, каб выявіць рэальныя патрэбы і цяжкасці, звязаныя з пандэміяй у розных частках планеты. Праз сваю шырокую сетку арганізацыя ініцыявала дзейнасць нават у тых рэгіёнах свету, дзе не працуюць ніякія дабрачынныя структуры.

Паведамляецца, што для аказання больш неадкладнай і эфектыўнай дапамогі патрэбны вялікія фінансавыя рэсурсы. Для іх канцэнтрацыі і быў створаны спецыяльны фонд.

Сродкі будуць выкарыстоўвацца “Caritas” і іншымі каталіцкімі дабрачыннымі структурамі для аказання дапамогі хворым і бедным, прафілактыкі распаўсюджвання каронавіруса, арганізавання доступу да пітной вады і гігіенічна-санітарных паслуг, забеспячэння сродкамі індывідуальнай абароны. Асаблівая ўвага будзе звяртацца на тыя краіны, дзе пандэмія можа прывесці да найбольш разбуральных наступстваў.

Ахвяраванні можна рабіць непасрэдна на сайце “Caritas Internationalis” або пералічваць грошы на спецыяльны рахунак арганізацыі ў Інстытуце рэлігійных спраў (Ватыканскім банку): IBAN: VA29001000000020179007
 

16 красавіка 2020, 12:28