ҽ

1585333133408.jpg

Малітва Францішка на бязлюднай плошчы: выраз болю усяго свету

Хрыстус Укрыжаваны “стаў маўклівай і безабароннай галоўнай дзеючай Асобай у цэнтры пустой прасторы”, заўважыў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ, каментуючы надзвычайнае набажэнства Urbi et Orbi.

Андрэа Тарніелі заўважыў, што вечарам 27 сакавіка 2020 г. – незадоўга да Вялікай Пятніцы – “на пустой і паглыбленай у нерэальную цішыню плошчы св. Пятра, быў Ён: Крыж пад праліўным дажджом, што амываў распятае цела, дадаючы да намаляванай на дрэве крыві тую самую ваду, якая, згодна з Евангеллем, выцекла з раны, нанесенай дзідай”.

Аўтар нагадаў, што гэта “той самы ўцалелы ў пажары Крыж, які рымляне неслі ў працэсіі супраць чумы; той Хрыстус Укрыжаваны, якога св. Ян Павел II абдымаў падчас пакаяннай літургіі ў Юбілей 2000 года”. “Нават змешчаны пад шклом абраз Марыі “Збаўленне рымскага народа” (Salus populi Romani), пабляклы на дажды, здавалася, уступіў дарогу, амаль знік, пакорна, перад Ім, узнесеным на крыжы дзеля збаўлення чалавецтва”, - напісаў ватыканіст.

Па словах журналіста, “папа Францішак выглядаў маленькім і больш звычайнага сутулым, калі ўзыходзіў не без цяжкасці і ў адзіноце па ступенях базылікі, стаўшыся выразнікам болю усяго свету, каб скласці яго ля падножжа Крыжа”.

“Сірэна карэты хуткай дапамогі, адной са шматлікіх, якія ў гэтыя гадзіны перасякаюць нашы кварталы, каб прыйсці на дапамогу новым заражаным, разам са званамі суправадзіла момант Эўхарыстычнага благаслаўлення Urbi et Orbi (“Гораду і свету”), калі Папа, па-ранейшаму адзін, ізноў павярнуўся да пустэльнай плошчы, па якой хвастаў дождж, і зрабіў знак крыжа манстранцыяй з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Ізноў галоўнай дзеючай Асобай стаў Ён, той Езус, Які ахвяраваўшы Сабой, пажадаў стацца ежай для нас і Які таксама сёння звяртаецца да нас: “Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?.. Не бойцеся”, - напісаў Андрэа Тарніелі.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 сакавіка 2020, 15:12