ҽ

Кс. Ханс Цольнер Кс. Ханс Цольнер 

Касцёльны эксперт: рыхтуюцца новыя крокі ў абароне непаўналетніх

У Касцёле развіваецца культура прафілактыкі злоўжыванняў адносна непаўналетніх. Папа не спыняецца на дасягнутым і рыхтуе наступныя крокі ў гэтым напрамку.

Пра вынікі мінулагодняй ватыканскай сустрэчы старшынь епіскапатаў на тэму “Абарона непаўналетніх у Касцёле” распавёў у інтэрв’ю “Pope” кс. Ханс Цольнэр, член Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.

Святар заўважыў, што цягам дванаццаці месяцаў, якія прайшлі ад заканчэння форума, у Касцёле з’явілася дзевяць дакументаў на тэму абароны непаўналетніх. Адзін з самых важных – motu proprio Папы “Vos estis lux mundi”. Ім быў уведзены абавязак стварэння ў кожнай дыяцэзіі даступнага для кожнага спосабу паведамлення пра выпадкі злоўжыванняў. Святары і манаскія асобы былі абавязаны “своечасова сігналізаваць” каталіцкім уладам пра вядомыя ім выпадкі злоўжыванняў і пра магчымыя занядбанні і замоўчванні ў справах, якія датычацца такіх злачынстваў. Важным крокам стала ўмацаванне свядомасці біскупаў адносна іх адказнасці ў гэтай сферы і адмена “папскай таямніцы” у справах, звязаных з педафіліяй.

Кс. Цольнэр падкрэсліў, што Францішак не збіраецца спыняцца на дасягнутым і ў бліжэйшы час будуць зроблены наступныя крокі, што рыхтаваліся на працягу ўсяго года з улікам глыбокага падыходу да праблемы і яе сур’ёзнага аналізу. Езуіт падкрэсліў, што яны паспрыяюць развіццю ў Касцёле “культуры ўвагі і прафілактыкі, і, у першую чаргу, культуры абароны жыцця ўсіх людзей”.

Сустрэча “Абарона непаўналетніх у Касцёле” праходзіла ў Ватыкане з 21 па 24 лютага 2019 г. У ёй прымалі ўдзел прадстаўнікі ўсіх нацыянальных біскупскіх канферэнцый.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 лютага 2020, 11:10