ҽ

Кардынал Пьетра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Пьетра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар пра Міжземнамор’е, мігрантаў і братэрства

Грамадзянства – ключавое паняцце для інтэграцыі мігрантаў і прадухілення ўзнікнення “гета”, якія становяцца “інкубатарамі насілля”, - лічыць Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.

Кардынал Пьетра Паралін прыняў удзел у прэзентацыі кнігі “Быць міжземнаморцамі” (Essere mediterranei) – зборніка дакладаў, якія прагучалі падчас міжнароднай канферэнцыі аб міграцыі, арганізаванай італьянскім езуіцкім часопісам “La Civiltà Cattolica” у красавіку 2019 г.

Мерапрыемства прайшло 1 лютага 2020 г. і было прымеркавана да першай гадавіны падпісання Францішкам і егіпецкім імамам Эль Таебам Дэкларацыі аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні. У ім узяў удзел Прэм’ер-міністр Італіі Джузэпэ Контэ.

Кардынал Паралін заўважыў, што ў дыскусіях аб мігрантах часцей за ўсё не ўлічваецца іх уклад у развіццё краін, якія іх прымаюць. Ён дадаў, што Еўропа ў гэтым пытанні з’яўляецца “недастаткова свядомай і недастаткова актыўнай”, а “скептыцызм некаторых краін-членаў ЕС пагражае стварэннем новых падзелаў”. На думку іерарха, “прызнанне братэрства змяняе перспектыву”. “Мы ўсе з’яўляемся братамі, а значыць і грамадзянамі з аднолькавымі правамі і абавязкамі”, - сцвердзіў Дзяржсакратар.

Каментуючы сітуацыю, якая ўзнікла пасля рашэння палестынскіх уладаў аб разрыве дыпламатычных адносін з Ізраілем і ЗША, кардынал Паралін нагадаў, што адзіным магчымым выйсцем з ізраільска-палестынскага канфлікту з’яўляецца прынцып “дзве дзяржавы для двух народаў”. Ён заклікаў міжнародную супольнасць даць новы імпульс рэалізацыі гэтага прынцыпу.

Гаворачы пра перадгісторыю падпісання Пантыфікам і Імамам Аль-Азхар Дэкларацыі аб братэрстве, кіраўнік ватыканскай дыпламатыі заўважыў, што пачатак працэсу быў дадзены яшчэ св. Янам Паўлам ІІ, які ў 1991 г. склікаў Сінод Біскупаў аб Ліване, заклікаючы хрысціян уключыцца ў дыялог з мусульманамі. Наступнымі важнымі крокамі сталі Сінод Біскупаў аб Блізкім Усходзе, які прайшоў па ініцыятыве Бэнэдыкта XVI у 2010 г., і Надзвычайны кансісторый па Блізкім Усходзе, які ў 2014 г. Францішак склікаў у разгар сірыйскага і іракскага крызісаў і выгнання хрысціян з Масула.

Кардынал Паралін звярнуў увагу, што важныя крокі былі зроблены таксама з боку ісламскага ўніверсітэта Аль-Азхар у Каіры, сярод якіх было прызнанне правоў немусульманскіх прадстаўнікоў монатэістычных рэлігій, асуджэнне выкарыстання насілля ў імя рэлігіі, запрашэнне Святога Айца на мірную канферэнцыю, якая прайшла ва ўніверсітэце ў 2017 г.

“У Міжземнамор’і рэлігіі не могуць замяніць палітыку, але ў мінулым рэлігіі аказваліся вельмі карыснымі ў руках тых, хто жадаў іх выкарыстання для стварэння падзелаў”, - заўважыў іерарх. Ён падкрэсліў, што больш так адбывацца не можа.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 лютага 2020, 11:16