ҽ

stella-di-natale-3.jpg

Ватыканскі астраном пра феномен Бэтлеемскай зоркі

Урачыстасць Аб’яўлення Пана прыцягвае ўвагу да Бэтлеемскай зоркі. Вяртаюцца пытанні аб існаванні знаку на небе, што прывёў мудрацоў да нованароджанага Езуса.

Астраномы таксама задаюць сабе гэтыя пытанні. Кс. Жан-Батыст Кіквая з Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі нагадаў, што ў гэтым пытанні ёсць тры гіпотэзы. Некаторыя думалі, што Бэтлеемская зорка магла быць каметай. Дакладныя разлікі, аднак, паказалі, што ў пачатку нашай эры ніводная вядомая нам камета не была побач з зямлёй.

Згодна з другой гіпотэзай, зорка над Бэтлеемам магла быць звышновай. З’яўленне звышновай на небе звычайна адзначалі летапісцы розных цывілізацый. Яна таксама пакідае след у прасторы. Пакуль што не было выяўлена ніякіх слядоў выбуху вымерлай зоркі ў летапісах і ў Сусвеце, - паведаміў папскі астраном.

“Трэцім, найбольш верагодным, тлумачэннем Бэтлеемскай зоркі з’яўляецца злучэнне, гэта значыць канфігурацыя некалькіх нябесных цел у адну лінію”, - патлумачыў езуіт.

“Калі дзве-тры планеты злучаюцца, узровень іх святла павышаецца, на небе з’яўляецца светлае пляма. Кеплер, які сфармуляваў законы, што апісваюць рух планет у Сонечнай сістэме, выявіў іх, бо шукаў адказ на пытанне пра Бэтлеемскаю зорку. Паводле яго падлікаў, на самой справе адбылося злучэнне дзвюх планет: Юпітэра і Сатурна. Гэта было ў 7 годзе да нараджэння Хрыста. Але ці была гэта Бэтлеемская зорка, мы не ведаем”, - сказаў астраном.

Па словах святара, тлумачачы значэнне Бэтлеемскай зоркі, нельга забываць пра духоўны аспект падзеі. Гэта магла быць проста звышнатуральная з’ява, прызначаная выключна для мудрацоў.

“Тры Каралі былі не адзінымі астраномамі ці астролагамі ў сваю эпоху. Іх было шмат. Калі Бэтлеемская зорка была фізічнай з’явай, то і іншыя павінны былі бачыць гэта. Між тым, толькі гэтыя тры астролагі сабраліся ў дарогу, каб аддаць даніну павагі нованароджанаму Каралю, Дзіцятку Езусу. У парадку веры важная як знешняя падзея, так і ўнутраны працэс у чалавеку. Адно ў спалучэнні з другім дае кірунак чалавечаму жыццю. Успомнім, што Ірад таксама меў сваіх астролагаў. Аднак яны не ўбачылі зоркі. Гэта пытанні, якія тычацца веры і духоўнай свабоды, свабоды ісці ці не ісці да Бога, да Дзіцятка Езуса”, - сказаў супрацоўнік Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 студзеня 2020, 13:10