ҽ

Арцыбіскуп Георг Генсвайн. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Георг Генсвайн. Ілюстрацыйнае фота 

Кніга пра цэлібат: тлумачэнне сакратара Бэнэдыкта XVI

Прэфект Папскага дома і асабісты сакратар Папы-эмерыта паведаміў, што Бэнэдыкт XVI не даваў дазволу на пазначэнне сябе ў якасці сааўтара кнігі кардынала Рабэра Сара пра каштоўнасць цэлібату.

“Магу пацвердзіць, што сёння раніцай, па ўказанні Папы-эмерыта, я звярнуўся да кардынала Рабэра Сара з просьбай звязацца з выдавецтвам і папрасіць прыбраць імя Бэнэдыкта XVI як сааўтара кнігі, а таксама прыбраць яго подпіс з-пад прадмовы і эпілогу”, - сказаў ватыканскі іерарх у каментары інфармацыйнаму агенцтву “ANSA”.

Паводле арцыбіскупа Генсвайна, Бэнэдыкт XVI ведаў, што кардынал Сара рыхтуе кнігу аб святарстве і даслаў яму кароткі тэкст, дазваляючы выкарыстаць яго паводле свайго меркавання. У той жа час, ён не аўтарызаваў ніякага праекту кнігі, падпісанай сваім імем, не бачыў і не ўхваляў вокладкі. Гаворка ідзе пра непаразуменне, не ставячы пад сумнеў давер Папы-эмертыта да кардынала Сара, - падкрэсліў прэфект Папскага дома.

Кніга “З глыбіняў нашых сэрцаў” (De profondeur de nos cœurs), значная частка якой прысвечана каштоўнасці святарскага цэлібату, была падрыхтавана французскім выдавецтвам “Le Figaro”. Яе з’яўленне на паліцах кнігарняў запланавана на 15 студзеня 2020 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 студзеня 2020, 15:18