ҽ

Aрцыбіскуп Чарльз Шыклуна Aрцыбіскуп Чарльз Шыклуна  

Рэскрыпты Папы адносна злоўжыванняў– “эпахальнае рашэнне”

“Эпахальным рашэннем” назваў дапаможны сакратар Кангрэгацыі Веравучэння публікацыю рэскрыптаў адносна адмены “папскай таямніцы” у справах аб сексуальных злоўжываннях адносна непаўналетніх.

У інтэрв’ю Pope арцыбіскуп Чарльз Шыклуна прызнаўся, што “менавіта за гэта біскупы выступалі на ватыканскай лютаўскай нарадзе па абароне непаўналетніх”. Ён дадаў, што адзін з дзён поўнасцю быў прысвечаны тэме празрыстасці ў выпадках сексуальных злачынстваў. Іерарх нагадаў таксама пра motu proprio “Vos estis lux mundi”, якім Францішак у маі 2019 г. фактычна ўхваліў рашэнні, прынятыя ў лютым. Падчас той сустрэчы шмат разоў гаварылася пра “папскую таямніцу” амаль як пра перашкоду для адэкватнай інфармацыі, на якую маюць права ахвяра і грамадства. На погляд мальтыйскага арцыбіскупа, рэскрыпты з’явіліся своечасова.

Іерарх патлумачыў, што, напрыклад, да гэтага часу пацярпелы не меў магчымасці даведацца аб прысудзе, вынесеным пасля скаргі, бо там была “папская таямніца”. Складанасці існавалі і ў іншых выпадках, паколькі “папская таямніца” змяшчаецца на самым высокім узроўні сістэмы канфідэнцыйнасці ў Кананічным праве.

Адмена "папскай таямніцы" не азначае, што дакументы стануць агульнадаступнымі, але, напрыклад, палягчаецца магчымасць больш канкрэтнага супрацоўніцтва з дзяржавай, у тым сэнсе, што дыяцэзія, якая мае дакументацыю, больш не звязана “папскай таямніцай” і можа прыняць рашэнне – як існуе патрэба – аб супрацоўніцтве, дасылаючы копію грамадзянскім уладам, - звярнуў увагу арцыбіскуп Шыклуна.

“Той жа рэскрыпт з’яўляецца новым законам і ён таксама гаворыць пра неабходнасць абароны прыватнага жыцця чалавека, добрай рэпутацыі зацікаўленых асоб і іх годнасці. У крымінальным полі заўсёды патрабуецца пэўная канфідэнцыйнасць, якая гарантуецца дадзеным дакументам. Такім чынам, гэта не азначае, што дакументацыя будзе апублікавана, але супрацоўніцтва з дзяржавай і іншымі ўстановамі, якія маюць права на доступ да яе, палягчаецца”, - патлумачыў дапаможны сакратар Кангрэгацыі Веравучэння, які ўжо шмат гадоў займаецца выпадкамі злоўжыванняў у Касцёле.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 снежня 2019, 14:42