ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Выніковы дакумент Сінода: Касцёл – саюзнік народаў Амазоніі

26 кастрычніка 2019 г. у Ватыкане быў абнародаваны Выніковы дакумент Спецыяльнай Асамблеі Сінода Біскупаў на тэму: “Амазонія – новыя шляхі для Касцёла і для інтэгральнай экалогіі”.

Дакумент складаецца з 5-ці раздзелаў і 120-ці пунктаў. Ён быў апублікаваны на іспанскай мове. Лейтматывам з’яўляецца тэма навяртання.

Сінадальныя Айцы заклікаюць да “інтэгральнага навяртання”; звяртаюць увагу на пакуты Амазоніі, звязаныя са знішчэннем прыроднага багацця і рэсурсаў рэгіёна, ростам злачыннасці, наркаманіяй, гандлем людзьмі. Яны прапанавалі стварэнне місійных груп, пакліканых у супрацоўніцтве з парафіямі працаваць на карысць людзей, якія былі вымушаны пакінуць родныя землі і асесці ў гарадах.

У дакуменце гучыць заклік да “душпастырскага навяртання”. Айцы Сінода прапанавалі кожнаму манаскаму таварыству заснаваць прынамсі адну пляцоўку ў Амазоніі. Трэба спрыяць таму, каб у евангелізацыі рэгіёна прымалі актыўны ўдзел мясцовыя жыхары.

Выніковы дакумент заклікае да культурнага навяртання, у сувязі з чым адзначаецца важнаць інкультурацыі і міжкультурнага падыходу. Гаворыцца пра патрэбу ў раскрыцці патэнцыялу народнай пабожнасці, якая павінна быць “ачышчана”, каб весці на сустрэчу з Езусам.

Адзначаецца, што Касцёл павінен быць саюзнікам народаў Амазоніі ў барацьбе за іх годнасць і абарону правоў. На Сінодзе прапанавалі стварыць касцёльныя маніторангавыя цэнтры, якія будучы займацца вывучэннем традыцый, моваў, вераванняў і памкненняў карэнных народаў. Прапануецца таксама стварэнне касцёльнай камунікацыяйнай сеткі, якая павінна выконваць адукацыйную функцыю.

Сінадальныя Айцы кажуць пра патрэбу экалагічнага навяртання, прапануюць увесці паняцце “экалагічны грэх” і заклікаюць міжнародную супольнасць да салідарнасці з рэгіёнам.

“Сінадальнае навяртанне”, паводле ўдзельнікаў Сінода, патрэбна, каб спрыяць служэнню і адказнасці за Касцёл з боку свецкіх вернікаў. Шмат месца ў дакуменце прысвечана ролі жанчын. Адзначаецца, што яны павінны мець магчымасць выконваць служэнні, не звязаныя са святарствам. У сувязі з гэтым прапануецца пераглядзець навучанне Паўла VI на тэму паслуг лектарату і акалітату.

На Сінодзе ішла гаворка пра ўмацаванне пастаяннага дыяканату мужчын, які ўжо існуе, пра паляпшэнне фармацыі святароў і дыяканаў. Біскупы падкрэслілі каштоўнасць цэлібата і заклікалі да малітвы аб пакліканнях. Гаворачы, аднак, аб праблемах супольнасцей, пазбаўленых сакрамэнтальнай паслугі, Сінод кажа пра патрэбу вызначэння крытэрыяў і прадпісанняў, на аснове якіх можна было б удзяляць прэзбітэрскае пасвячэнне сталым дыяканам, якія б служылі ў аддаленых рэгіёнах Амазоніі. Дакумент удакладняе, што гэта пытанне павінна разглядацца на ўзроўні Паўсюднага Касцёла.

Сінадальныя Айцы прапанавалі заснаваць Амазонскі каталіцкі ўніверсітэт, а таксама стварыць камісію, якая б прааналізавала магчымасць стварэння амазонскага літургічнага абраду. У гэтым кантэксце адзначалася патрэба ў перакладзе біблійных і літургічных тэкстаў на мовы карэнных народаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 кастрычніка 2019, 09:34