ҽ

Сінод Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота Сінод Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота 

Сінод па Амазоніі: драма наркатрафіку і малітва за братоў-юдэяў

Наркатрафік стаў адной з самых рэзанансных тэм, якія абмяркоўваліся на Сінодзе Біскупаў падчас 6-й Генеральнай кангрэгацыі, 9 кастрычніка 2019 г. у другой палове дня.

Удзельнікі Асамблеі звярталі ўвагу на значнае пашырэнне вырошчвання ў Амазоніі складальнікаў наркотыкаў, чаму спадарожнічае рост злачыннасці, праблем у сферы экалогіі, эканомікі і сістэмы аховы здароўя.

На Сінодзе казалі пра патрэбу “экалагічнага навяртання”, звярталі ўвагу на знішчэнне амазонскіх лясоў і іх біяразнастайнасці ў выніку будаўніцтва гідраэлектрастанцый і наўмысных пажараў. Адзначалася місія Касцёла: паспрыяць, каб тэма інтэгральнай экалогіі ўвайшла ў павестку дня міжнародных структур.

Гаворачы пра інкультурацыю і евангелізацыю, удзельнікі Асамблеі заўважылі, паколькі Божае слова прыняло чалавечую прыроду, каб аб’явіцца ў сваёй любові, Касцёл таксама пакліканы ўцелавіцца ў чалавечую рэчаіснасць, як робяць шматлікія місіянеры ў Амазоніі. Падкрэслівалася важнасць захавання народнай пабожнасці, характэрнай рысы веры мясцовага насельніцтва.

Сінадальныя Айцы звярталі ўвагу на патрэбу ў экуменічным і міжрэлігійным дыялогу, які павінен грунтавацца на ўзаемным даверы, успрымаць адметнасці ў якасці магчымасцей, пазбягаць рэлігійнай каланізацыі. Гаворка ішла пра важнасць сумесных намаганняў з прадстаўнікамі іншых канфесій у сферы правоў чалавека, пытаннях экалогіі.

Дыскусіі ў Сінадальнай зале пачаліся пасля малітвы Святога Айца за “братоў-юдэяў” з нагоды свята Ём-Кіпур. Завяршаючы 6-ю кангрэгацыю, Францішак прыгадаў у малітве ахвяр тэрарыстычнага нападу на сінагогу ў нямецкім горадзе Гале, які адбыўся 9 кастрычніка і прывёў да гібелі двух чалавек.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 кастрычніка 2019, 11:59