ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Сінод Біскупаў: ёсць чаканні адносна “амазонскага абраду”

Прапанова стварэння асобнага каталіцкага “амазонскага абраду” мае канкрэтныя прычыны і матывацыю, - падкрэсліў кардынал Бэньяміна Стэла, прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства.

На брыфінгу ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы, які прайшоў 24 кастрычніка 2019 г., ватыканскі іерарх нагадаў, што дадзенае пытанне ўздымалася ў ходзе Генеральных кангрэгацый у Сінадальнай зале, а таксама абмяркоўвалася ў рабочых групах.

Кардынал Стэла назваў цалкам натуральным той факт, што Сінод Біскупаў дае пэўныя ідэі, якія патрабуюць далейшага разгляду і аналізу. Ён падкрэсліў, што амазонскія біскупы адчуваюць патрэбу ў перадачы евангельскага паслання з дапамогай моў, сімвалаў, жэстаў і абрадавасці, уласцівых менавіта гэтаму рэгіёну. У той жа час іерарх заўважыў, што не знаёмы са зместам дыскусій па гэтым пытанні, якія адбываліся ў рамках рабочых груп, а таксама з тым, што на гэту тэму будзе сказана ў Выніковым дакуменце Асамблеі.

Паводле прэфекта Кангрэгацыі па справах духавенства, адносна “амазонскага абраду” “існуюць пэўныя чаканні” і “канкрэтная патрэба”. Ён распавёў, што мясцовыя біскупы сустракаюцца “з вельмі разнастайнай рэчаіснасцю, якая вельмі адрозніваецца ад нашай”. Амазонія – гэта шматэтнічная і шматмоўная рэальнасць, таму натуральна, што ў такім кантэксце ўзнікае пытанне аб адпаведнай перадачы Евангелля. Яна павінна адбываецца з дапамогай жэстаў, колераў, мясцовых сімвалаў, гісторый, прыпавесцей, як рабіў Езус са сваімі суразмоўцамі.

Кардынал Стэла падкрэсліў, што вырашэнне пытання патрабуе глыбокага аналізу з тэалагічнага, дысцыплінарнага і літургічнага пунктаў гледжання. Патрэбны таксама і час, бо абрады з’яўляюцца выразам пэўнай гісторыі, духоўнасці, чаканняў. Калі пытанне аб абрадзе знойдзе месца ў Выніковым дакуменце, трэба будзе над ім яшчэ шмат працаваць, - сцвердзіў прэфект.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 кастрычніка 2019, 15:21