ҽ

Біскуп Мігель Анхель падчас візіту Папы ў Абу Дабі Біскуп Мігель Анхель падчас візіту Папы ў Абу Дабі 

Прымірэнчы патэнцыял Дэкларацыі аб братэрстве

Малітва, дыялог, павага і салідарнасць – адзіная пераможная зброя супраць тэрарызму, фундаменталізму і любога віду вайны ці насілля, перакананы біскуп Мігель Анхель Аюса Гішот.

Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу падзяліўся сваімі думкамі адносна нядаўняга стварэння Вышэйшага камітэта па рэалізацыі мэтаў “Дэкларацыі аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні”, падпісанай 4 лютага 2019 г. папам Францішкам і Вялікім імамам Аль-Азхар, шэйхам Ахмедам Эль Таебам.

На думку ватыканскага іерарха, новаўтвораная структура – гэта канкрэтны прыклад таго, як рэлігійныя лідары могуць будаваць масты, узмацняць дыялог і перамагаць спакусу замыкання ў саміх сабе і жыўлення “сутыкнення цывілізацый”.

Саму “Дэкларацыю”, у распрацоўцы зместу якой біскуп Аюса Гішот прымаў непасрэдны ўдзел, ён назваў “інклюзіўным” па сваім характары і падкрэсліў высокую вартасць намаганняў папы Францішка, шэйха Ахмеда Эль Таеба і наследнага прынца Абу-Дабі, шэйха Мухамада бэн Заіда Аль Нахаяна па распаўсюджванні “братэрства, міру і суіснавання”. “Не будзем забываць, што гэтыя тры элементы з’яўляюцца сутнаснымі, калі мы сапраўды хочам залячыць раны нашага свету”, - дадаў іерарх.

Па словах старшыні Камісіі па рэлігійных сувязях з мусульманамі, наступным пасля стварэння Камітэта крокам павінна стаць залучэнне ў яго працу як мага большай колькасці арганізацый і асоб як на міжнародным, так і на нацыянальным узроўнях. На каштоўнасцях, да якіх заклікае “Дэкларацыя”, трэба выхоўваць моладзь, у адпаведным духу рыхтаваць духоўных лідараў, выхавацеляў, настаўнікаў і катэхетаў.

“Перспектыва вучыцца і вучыць культуры сустрэчы, братэрства, міру непазбежна выклікае жаданне перагледзець у гэтым святле фармацыйныя і акадэмічныя школьныя і ўніверсітэцкія праграмы. Першым канкрэтным крокам будзе вывучэнне, разважанне і распаўсюджванне “Дакумента аб братэрстве”, аб чым нас прасіў Святы Айцец”,- заўважыў біскуп Аюса Гішот.

Іерарх адзначыў, што Дэкларацыі не пагражае сінкрэтызм або рэлятывізм, як лічаць некаторыя. На яго думку, падобны скепсіс нараджаецца са страху, а “страх – гэта вораг нумар адзін міжрэлігійнага дыялогу”. “Гаворка ідзе не пра “плавільны кацёл”, у якім усе рэлігіі разглядаюцца як аднолькавыя, а пра тое, што ўсе вернікі, якія шукаюць Бога, і ўсе людзі добрай волі, пазбаўленыя пэўнай рэлігійнай прыналежнасці, маюць аднолькавую годнасць. Таму мы павінны прыкладаць намаганні, каб Бог, які нас стварыў, не быў прычынай падзелаў, але наадварот – адзінства”, - патлумачыў іерарх.

Ён падкрэсліў, што “малітва, дыялог, павага і салідарнасць – адзіная пераможная зброя супраць тэрарызму, фундаменталізму і любога віду вайны ці насілля. І гэтая зброя з’яўляецца часткай духоўнага арсеналу кожнай рэлігіі”.

Нарэшце, Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу дадаў, што Дэкларацыя нарадзілася з ісламска-хрысціянскага дыялогу, аднак яе пасланне братэрства, міру і суіснавання ўніверсальнае, інклюзіўнае ў дачыненні да ўсіх веруючых усіх канфесій, а таксама ўсіх людзей добрай волі.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 жніўня 2019, 14:26