ҽ

Папа Пій Х Папа Пій Х 

105 гадоў таму завяршыўся 11-гадовы пантыфікат Пія X

105 гадоў таму, 20 жніўня 1914 г., менш чым за месяц да пачатку Першай сусветнай вайны, адышоў у вечнасць святы папа Пій X.

Джузэпэ Мелькіёрэ Сарта, будучы 257-ы Рымскі Пантыфік, нарадзіўся ў мястэчку Рыезэ паўночнай італьянскай правінцыі Трэвіза. Святарскае пасвячэнне атрымаў 18 верасня 1858 г. А 10 лістапада 1884 г. папа Леў XIII удзяліў яму біскупскую сакру. 12 чэрвеня 1893 г. Джузэпэ Сарта быў узведзены ў годнасць кардынала Святога Рымскага Касцёла, а праз тры дні было зацверджана яго прызначэнне на пасаду Патрыярха Венецыі.

20 ліпеня 1903 г. памёр Леў XIII, і скліканы неўзабаве канклаў абраў чарговым наступнікам св. Пятра кардынала Сарта, які і ўвайшоў у гісторыю як папа Пій X. Гэта адбылося 4 жніўня 1903 г.

Той канклаў стаў апошнім, калі было выкарыстана права вета: кардынал Ян Пузына, арцыбіскуп Кракаўскі, ад імя аўстрыйскага імператара налажыў вета на кандыдатуру кардынала Марыана Рамполы, Дзяржсакратара Льва XIII. Пасля свайго абрання папа Пій X адмяніў права вета каталіцкіх дзяржаў.

За 11 гадоў свайго пантыфікату ён праявіў сябе як жорсткі праціўнік мадэрнізму. Акрамя таго, Пій X распачаў рэформу Кодэкса кананічнага права і ўзначаліў рэдакцыю Катэхізіса, вядомага сёння як Катэхізіс Пія X. У той жа час, ён распачаў палітыку пераадолення прынцыпу “non expedit”, які дзейнічаў з часоў Пія IX і забараняў католікам браць удзел у палітычным жыцці італьянскай дзяржавы, у прыватнасці, вылучаць свае кандыдатуры на выбарах у прадстаўнічыя органы ўлады.

У 1951 г. Пій X быў беатыфікаваны, а праз тры гады, 29 мая 1954 г. кананізаваны. Абедзве цырымоніі ўзначаліў папа Пій XII.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 жніўня 2019, 15:16