ҽ

Кардынал Джузэпэ Версальдзі Кардынал Джузэпэ Версальдзі 

Ватыканскі прэфект пра тоеснасць каталіцкіх універсітэтаў

Прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі здзейсніў візіт у Перу, дзе прыняў удзел у цырымоніі ўступлення на пасаду новага рэктара мясцовага Папскага каталіцкага ўніверсітэту.

Кардынал Джузэпэ Версальдзі падкрэсліў, што фундаментальнымі крытэрыямі працы каталіцкіх вышэйшых навучальных устаноў з’яўляюцца: дыялог паміж верай і розумам у пошуку праўды; служэнне не толькі Касцёлу, але ўсяму грамадству, каб магло цэласна развівацца і змагацца з несправядлівасцю і маргіналізацыяй; а таксама сведчанне, прасякнутае любоўю.

Каталіцкія ўніверсітэты павінны, з аднаго боку, пазбягаць заняцця абарончай пазіцыі, якая перашкаджае сапраўднаму дыялогу, а з іншага – не скарацца перад спакусай секулярызацыі, якая вядзе да ўніфікацыі поглядаў, рэлятывісцкага і індывідуалістычнага бачання, дадаў ватыканскі іерарх.

Прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі заўважыў, што дзякуючы новым статутам і дамове з Апостальскай Сталіцай універсітэт зноў атрымаў тытулы “папскага” і “каталіцкага”, якія згубіў у 2012 г.

Кардынал адзначыў, што важным прынцыпам функцыянавання ўніверсітэту з’яўляецца яго ўкаранёнасць у жыцці і культуры перуанскага народа. Гэта патрабуе асаблівай еднасці і супрацоўніцтва з мясцовым Касцёлам, з поўнай павагай да аўтаноміі навучальнай установы, што адзначана ў яе статутах.

Папскі каталіцкі ўніверсітэт у Перу быў заснаваны ў 1917 г., а яго дзейнасць была кананічна зацверджана дэкрэтам Святога Пасаду. Пачынаючы з 1967 г. установа некалькі разоў змяняла свае статуты без узгаднення з Апостальскай Сталіцай. У 2012 г. універсітэт быў пазбаўлены тытулаў “папскага” і “каталіцкага”. Новыя статуты навучальнай структуры былі зацверджаны Кангрэгацыя Каталіцкай Адукацыі 1 ліпеня 2019 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 ліпеня 2019, 08:35