ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад вызначыў арыенціры для духавенства ў Кітаі

Святы Пасад вызначыў Душпастырскія арыенціры для біскупаў і святароў у Кітаі. Мясцовая ўлада патрабуе ад духавенства абавязковай грамадзянскай рэгістрацыі, што супярэчыць каталіцкаму веравучэнню.

Адпаведны дакумент быў абнародаваны 28 чэрвеня 2019 г. У ім падкрэсліваецца натуральная “збянтэжанасць душпастыраў Каталіцкага Касцёла ў Кітаі” па прычыне таго, што “форма гэтай рэгістрацыі – абавязковая згодна з новым рэгламентам па рэлігійнай дзейнасці, бо ў адваротным выпадку душпастырства забараняецца, – амаль заўсёды прадугледжвае падпісанне дакумента, у якім, нягледзячы на абавязацельства паважаць каталіцкае веравучэнне, узятае на сябе кітайскімі ўладамі, неабходна, між іншым, заяўляць аб прыняцці прынцыпу незалежнасці, аўтаноміі і самакіраванні Касцёла ў Кітаі”.

“Святы Пасад працягвае прасіць, каб грамадзянская рэгістрацыя духавенства ажыццяўлялася ва ўмовах гарантавання павагі сумлення і глыбокіх каталіцкіх перакананняў асоб, якіх гэта датычыць. Толькі так можна спрыяць як адзінству Касцёла, так і ўнёску католікаў у дабрабыт кітайскага грамадства”, - гаворыцца ў дакуменце.

Святы Пасад нагадвае, што, па-першае, Канстытуцыя КНР афіцыйна абвяшчае абарону рэлігійнай свабоды (арт. 36). Па-другое, Часовае Пагадненне паміж Святым Пасадам і КНР ад 22 верасня 2018 г., прызнаючы асаблівую ролю Наступніка св. Пятра, лагічна штурхае Святы Пасад разумець і інтэрпрэтаваць “незалежнасць” Каталіцкага Касцёла ў Кітаі не ў абсалютным сэнсе, як адасабленне ад Папы і ад паўсюднага Касцёла, але толькі адносна палітычнай сферы, як адбываецца ў любой частцы свету ў адносінах паміж Папам і партыкулярным Касцёлам.

Па-трэцяе, актуальны кантэкст стасункаў паміж Кітаем і Святым Пасадам, які вылучаецца кансалідаваным дыялогам паміж бакамі, адрозніваецца ад кантэксту 50-х гг. XX ст., у якім нараджаліся патрыятычныя структуры. Па-чацвёртае, да гэтага дадаецца вельмі істотны факт, што на працягу апошніх гадоў многія біскупы, пасвечаныя без Апостальскага мандата, звярнуліся з просьбай і атрымалі ўз’яднанне з Наступнікам св. Пятра, дзякуючы чаму сёння ўсе кітайскія біскупы знаходзяцца ў адзінстве з Апостальскай Сталіцай і прагнуць штораз большай інтэграцыі з біскупамі ўсяго свету.

У гэтым кантэксце “Душпастырскія арыенціры” заахвочваюць біскупаў і святароў, якія вырашаць здзейсніць грамадзянскую рэгістрацыю, зрабіць пісьмовае або вуснае (пажадана ў прысутнасці сведкі) удакладненне, што робяць гэта, застаючыся вернымі прынцыпам каталіцкага веравучэння. “Таксама будзе дарэчным, каб прасіцель засведчыў свайму Ардынарыю намер, з якім здзейсніў рэгістрацыю. Усё гэта з адзінай мэтай – спрыяць дабру дыяцэзіяльнай супольнасці і яе ўзрастанню ў духу адзінства, а таксама евангелізацыі, якая б адпавядала новым патрабаванням кітайскага грамадства, і адказнаму кіраванню маёмасцю Касцёла”, - гаворыцца ў дакуменце.

Пры гэтым Святы Пасад абавязваецца ставіцца з разуменнем і павагай да тых прадстаўнікоў духавенства, якія адмовяцца ажыццяўляць рэгістрацыю пры існуючых умовах, і “просіць Бога дапамагчы ім захоўваць адзінства са сваім братамі ў веры, нават перад абліччам выпрабаванняў, з якімі ім давядзецца сутыкнуцца”.

Святы Пасад заклікае біскупаў публічна праяўляць сваю павагу да святароў з мэтай недапушчэння, “каб зацяжныя хваляванні азмрочылі братэрскую міласэрнасць і пашкодзілі душпастырскаму служэнню”, а свецкіх вернікаў заахвочвае ўлічваць складанасць сітуацыі і прымаць любое рашэнне сваіх душпастыраў, суправаджаючы іх малітвай і любоўю, падтрымліваючы адзінства і праяўляючы міласэрнасць да кожнага, без выключэння.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 чэрвеня 2019, 14:31