ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Абнародаваны Instrumentum Laboris Сінода Біскупаў па Амазоніі

Амазонія просіць Касцёл быць яе саюзнікам, каб паўната жыцця, якую абяцаў Езус, закранула ўсіх, асабліва бедных. У такім духу вытрыманы Працоўны дакумент Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне.

Instrumentum Laboris быў апублікаваны Генеральным Сакратарыятам Сінода і афіцыйна прадстаўлены ў Ватыкане 17 чэрвеня 2019 г.

Першая частка дакумента – Голас Амазоніі – прэзентуе рэчаіснасць гэтай тэрыторыі і яго народаў. Акцэнт робіцца на рызыцы знішчэння і злоўжывання багатымі прыроднымі рэсурсамі рэгіёну, на сістэматычным парушэнні правоў карэннага насельніцтва – праблемах, якія вынікаюць з эканамічных і палітычных інтарэсаў дамінуючых сектараў сучаснага грамадства, асабліва здабываючых кампаній.

У другой частцы Instrumentum Laboris аналізуе пытанні інтэгральнай экалогіі. Падкрэсліваецца трагічнасць і складанасць наяўнай сітуацыі, калі “насілле, хаос і карупцыя пашыраюць свае межы, а тэрыторыя ператварылася ў месца сутычак і вынішчэння народаў, культур і пакаленняў”. Між іншым, закранаецца становішча карэнных амазонскіх народаў у добраахвотнай ізаляцыі.

Нарэшце, апошняя частка Працоўнага дакумента заахвочвае Сінадальных Айцоў да дыскусіі адносна новых шляхоў евангелізацыі і прысутнасці Касцёла ў амазонскім рэгіёне. З улікам наяўных праблем недахопу святароў і аддаленасці мясцовых супольнасцей адна ад адной, што ўскладняе душпастырскую дзейнасць, робяцца прапановы перагледзець крытэрыі адбору і падрыхтоўкі асоб, надзеленых правам служыць Эўхарыстыю, а таксама спрыяць пакліканням сярод карэнных народаў. Гучыць заахвочванне гарантаваць рэалізацыю жанчын у служэнні Касцёлу, асабліва ў сферах катэхізацыі, тэалогіі і літургіі.

У дачыненні да евангелізацыі на амазонскіх тэрыторыях сцвярджаецца неабходнасць пераходу ад “Касцёла, які наведвае” да “Касцёла, які застаецца”.

Спецыяльная Асамблея Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне пройдзе ў Ватыкане з 6 па 27 кастрычніка 2019 г. Яе тэма: “Амазонія – новыя шляхі для Касцёла і для інтэгральнай экалогіі”. Удзел у форуме возьмуць каля ста мясцовых біскупаў, а таксама каталіцкія іерархі з розных рэгіёнаў свету, якія прадстаўляюць увесь каталіцкі епіскапат.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 чэрвеня 2019, 12:46