ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Праблема злоўжыванняў: Касцёл павінен стаць “балеснай маці”

Супрацьстаяць праблеме сексуальных злоўжыванняў у шэрагах духавенства павінен калегіяльны Касцёл, здольны ўзяць на сябе сумесную адказнасць за злачынствы.

Тэма адказнасці за сексуальны гвалт і неабходнасці ўсебаковага падыходу “калегіяльнага і сінадальнага” Касцёла да крызісу, выкліканага няздольнасцю адказаць на яго “адкрыта, адказна і дзейсна”, стала цэнтральнай у прамовах дакладчыкаў другога дня ватыканскага саміту па праблеме абароны непаўналетніх.

Кардынал Освальд Грасіяс, арцыбіскуп Бамбея і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Індыі, падкрэсліў, што лячэнне ран сексуальнага гвалту, нанесеных ахвярам злачынстваў і Касцёлу ў цэлым, павінна абавязкова ажыццяўляцца ва ўмовах калегіяльнасці. Ніводзін біскуп не можа ні разлічваць толькі на сябе ў вырашэнні гэтых праблем, ні, наадварот, заяўляць, што яго гэта не датычыць. Свядомая адказнасць за маральны крызіс унутры Касцёла ўскладаецца на “калегію біскупаў у адзінстве са Святым Айцом”.

Кардынал заклікаў духавенства “культываваць культуру братэрскага выпраўлення”, адкрыта кажучы адно аднаму пра любыя праявы непрымальных, “праблемных паводзін”. Ён падкрэсліў важнасць падтрымання сувязі паміж Рымскай курыяй і епіскапатамі, аднак прапанаваў ідэю большай дэцэнтралізацыі ва ўсім, што датычыць вывучэння і аналізу канкрэтных выпадкаў злоўжыванняў у дачыненні да непаўналетніх.

Касцёл, на думку іерарха, павінен клапаціцца пра аднаўленне справядлівасці, таму што існуе “у свеце і са светам”, “прызнае легальную ўладу грамадзянскага закону і дзяржавы” і супрацоўнічае з імі, з чаго вынікае, што вінаватыя ў злачынствах “справядліва з’яўляюцца адказнымі за ўчыненае перад грамадзянскімі ўладамі”.

Мы ўвасабляем супольнасць, пакліканую да пастаяннага пакаяння і разважлівасці. “Мы павінна каяцца і рабіць гэта калегіяльна”, разам “глядзець, чакаць, назіраць і выяўляць” накірунак, які ўкажа нам Бог, падсумаваў пурпурат.

Кардынал Блэз Сьюпіч, арцыбіскуп Чыкага, другі з дакладчыкаў, адзначыў, што важна, каб любая прынятая мера па выхадзе з крызісу, у якім апынуўся Касцёл, засноўвалася на болю тых, хто стаў ахвярай сексуальных злоўжыванняў, а новыя структуры ўліку і свядомай адказнасці палягалі на выслухоўванні ахвяр і сведак. Іерарх паўтарыў заклік да калегіяльнасці ў прыняцці любых рашэнняў адносна выпадкаў сексуальнага гвалту ў Касцёле.

Пурпурат выказаў занепакоенасць ростам недаверу да духоўных уладаў, выкліканым, у прыватнасці, абыякавасцю пастыраў Касцёла да выпадкаў злоўжыванняў, адсутнасцю сапраўднага клопату пра ахвяр гэтых злачынстваў. Касцёл павінен стаць сапраўды “балеснай маці” – у такім святле, на думку іерарха, трэба шукаць выйсця з маральнага крызісу, якім ахоплены Касцёл.

Кардынал Сьюпіч прадставіў спіс з 11-ці патрабаванняў, якім павінны адпавядаць нормы рэагавання нацыянальнымі епіскапатамі на канкрэтныя выпадкі злоўжыванняў. Сярод іх – павага да ахвяр і іх родных, бесперашкоднасць у паведамленнях пра адпаведныя выпадкі, уключэнне ў кожны канкрэтны працэс кампетэнтных асоб з улікам адказнасці і празрыстасці, забеспячэнне павагі і захавання добрага імені ўсіх уключаных у следчы працэс і выкарыстанне прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці да вынясення канчатковага рашэння.

Трэці даклад падрыхтавала Лінда Гізоні, падсакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Яна зрабіла акцэнт на еднасці паміж біскупамі і святарамі, на іх сумеснай адказнасці, на важнасці прэвентыўных мер, якія павінны стаць “звычайнай пастырскай практыкай”, а не проста “прыгожай праграмай”, і на салідарнасці з ахвярамі злоўжыванняў.

Спадарыня Гізоні прапанавала шэраг ініцыятыў па ўдасканаленні арганізацыі і дзейнасці мясцовых Касцёлаў, у тым ліку, стварэнне пры нацыянальных біскупскіх канферэнцыях незалежных кансультатыўных камісій, якія б выконвалі дарадчую функцыю і суправаджалі духавенства ў іх дзейнасці і забяспечвалі адзіны ўзровень адказнасці для ўсіх дыяцэзій.

“Не можа існаваць “бізнес-класа” ў адных партыкулярных Касцёлах і “эканом-класа” у іншых. (...) Трэба, каб Хрыстовы Касцёл паўсюль выяўляўся адзіным, гарантуючы ўсім і ўсюды інструменты, працэдуры і крытэрыі, якія, нягледзячы на абавязковыя мясцовыя асаблівасці, стаялі б на абароне непаўналетніх, шукаючы праўды і справядлівасці, пашыраючы практыкі выпраўлення нанесенай шкоды і прэвентыўнасці ў пытанні сексуальных злоўжыванняў”, - сказала спадарыня Гізоні.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 лютага 2019, 13:04