ҽ

Кардынал Паралін з прэм'ер-міністрам Грэцыі Алексісам Цыпрасам Кардынал Паралін з прэм'ер-міністрам Грэцыі Алексісам Цыпрасам 

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі пра станоўчы вобраз міграцыі

Cупрацьстаяць негатыўнаму стаўленню да міграцыі, заклікаў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы. Ён нагадаў, што перасяленцы заўсёды спрыялі нараджэнню вялікіх цывілізацый.

Свае думкі кардынал Пьетра Паралін выказаў у прадмове да кнігі „Immigration, understanding and proposals” (Міграцыя – разуменне і прапановы), вынік году працы студэнтаў Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта.
Па словах іерарха, у дыскусіі пра ўзаемасувязь паміж міграцыяй і развіццём не ў поўнай меры быў ацэнены ўклад мігрантаў у развіццё краін, да якіх яны прыбываюць.

“[Міграцыя заўсёды існавала ў гісторыі чалавецтва, і ў значнай ступені спрыяла нараджэнню вялікіх цывілізацый мінулага і сучаснасці. У той час як перашкоды і сцены стваралі рознагалоссі і няроўнасць паміж людзьмі, часта выклікаючы крыўды, саперніцтва і канфлікты]”

, - напісаў кардынал Дзяржсакратар.

Ён спаслаўся на словы Францішка аб неабходнасці адысці ад “успрымання іншага чалавека ў якасці пагрозы для нашага камфорту” і прызнаць яго як “таго, хто праз свой жыццёвы досвед і каштоўнасці можа ўнесці значны ўклад і паспрыяць дабрабыту нашага грамадства”.

Іерарх лічыць, што “агульным абавязкам” кіраўнікоў дзяржаў і сродкаў масавай інфармацыі з’яўляецца прасоўванне пазітыўнага погляду на міграцыю, барацьба са страхамі і забабонамі, а таксама дамінуючай сёння “культурай адчужэння”. Ён прызнаў той факт, што “існуе відавочная тэндэнцыя падкрэсліваць злачынныя падзеі з удзелам мігрантаў і бежанцаў” і не звяртаць увагі на станоўчыя аспекты сучаснай міграцыі.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі заклікаў, аддаць справядлівасць “лесу, які расце”, а не засяроджваць увагу на “адным дрэве, што падае”, і якое, безумоўна, выклікае больш шуму, але не адлюстроўвае ўсёй рэчаіснасці.

28 лістапада 2018, 11:21