ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

#Synod2018: мабільныя дадаткі і гульні для евангелізацыі моладзі

Касцёл пакліканы суправаджаць моладзь у “лічбавым” свеце, адзначалі ўдзельнікі XV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў падчас кангрэгацыі, якая 17 кастрычніка 2018 г. прайшла ў Ватыкане.

Сінадальныя Айцы працягнулі дыскусію па трэцяй частцы Працоўнага дакумента, прысвечанай душпастырскаму і місійнаму навяртанню.

Асаблівая ўвага звярталася на важнасць евангелізацыі ў “лічбавым свеце”. “Мы пакліканы стаць “лічбавымі “апосталамі Паўламі” трэцяга тысячагоддзя”, - такая думка прагучала на Асамблеі. Было прапанавана стварэнне на ўзроўні мясцовых Касцёлаў спецыяльных аддзелаў “па душпастырстве і лічбавым місіянерстве”, што дапаможа ў евангелізацыі і папулярызацыі афіцыйнага каталіцкага вучэння.

Гаворка ішла пра важнасць стварэння мабільных дадаткаў, гульняў і інтэрактыўных інструментаў, якія дапамогуць моладзі знаёміцца з Евангеллем і Касцёлам. Біскупы выказвалі заклапочанасць у сувязі з тым, што моладзь праводзіць шмат часу з гаджэтамі, становіцца залежнай ад іх, а ў выніку самотнай, пачынае жыць у “несапраўдным свеце”, дзе замяняе рэальнае сяброўства на віртуальнае камунікаванне. Касцёл прагне садзейнічаць канкрэтнай сустрэчы паміж людзьмі праз пілігрымкі і вялікія мерапрыемствы, накшталт Сусветных дзён моладзі.

Падкрэслівалася важнасць выхавання моладзі ў актыўнай грамадскай і палітычнай пазіцыі. Трэба прапаноўваць юнакам і дзяўчатам знаёмства з сацыяльным вучэннем Касцёла, заахвочваць да больш сціплага ладу жыцця, інтэгральнай чалавечай экалогіі, сумленнасці. Удзельнікі Асамблеі адзначалі першасную ролю сям’і ў справе выхавання.

Падчас кангрэгацыі, якая прайшла ў другой палове дня 16 кастрычніка, Сінадальныя Айцы шмат казалі пра важнасць сведчання. Кожны малады чалавек мае патрэбу ў сведках веры, людзях, якія будуць яго натхняць, прагне сустракаць пастыраў, якія жывуць духам благаслаўленняў, моляцца, медытуюць, не застаючыся проста супрацоўнікамі касцёльных структур. Моладзь не просіць аб катэхезах пра малітву, але прагне маліцца разам з біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі, падкрэслівалі на Сінодзе.

Касцёл знаходзіцца ў свеце, але ён не ад гэтага свету, зазначалі біскупы. Паводле іх, трэба менш прыгожых слоў, а больш дзеяння і сведчання. Неабходна прысвячаць моладзі больш часу і рэсурсаў. Тут патрэбныя духоўныя кіраўнікі, здольныя суправаджаць з любоўю.

Іерархі заўважалі, што новы імпульс жыццю Касцёла дасць папулярызацыя ружанцовай малітвы сярод моладзі, заахвочванне да ўдзелу ў сакрамэнтальным жыцці. Асабліва падкрэслівалася важнасць сакрамэнту пакаяння і Эўхарыстыі.

Удзельнікі Асамблеі станоўча выказваліся ў адрас супольнасцей, дзе моладзь жыве разам, згодна з адпаведнай рэгулай, і актыўна займаецца евангелізацыяй. Яны паказалі на неабходнасць перагляду семінарыйнай фармацыі: яна павінна быць менш тэарэтычнай і больш практычнай, блізкай да рэальнасці, у якой жыве моладзь.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 кастрычніка 2018, 14:58